BE RU EN

«Не плацілі заробак і казалі: У вас ва ўсіх ёсць бацькі, яны сала дадуць»

  • 13.09.2017, 17:08

На ваўкавыскім прадпрыемстве восем месяцаў не плацілі заробак.

Працаўнікі прадпрыемства «Ваўкавыскспецмантаж» 8 месяцаў жылі без заробку, піша «Беларускi час». Пачаць выплачваць грошы наймальніка прымусілі праз суд. «Усяго ад «прагнасці» адміністрацыі прадпрыемства пацярпелі больш за 30 чалавек. Суд прызначыў да кампенсацыі ім 42 тысяч рублёў агулам. Некалькі чалавек ужо атрымалі доўгачаканы разлік», - адзначае выданне.

- Кіраўніцтва са студзеня гэтага года вадзіла людзей за нос. «Абяцанкамі-цацанкамі» прымушалі прадаўжаць працу, але не плацілі ні капейкі. Ведаеце, што казалі дырэктар і асноўны заснавальнік? Маўляў, у вас ва ўсіх ёсць бацькі, яны заўсёды сала дадуць, - распавядае старшыня прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Аляксандр Папкоў. - «Ваўкавыскспецмантаж» - усё ж значнае ў раёне аб'яднанне: займалася пракладкай газаправодных і водаправодных магістраляў, сантэхнічнымі працамі, мантажом трубавых і газаразмеркавальных сістэм. Усе камунікацыі ў раёне - наша праца.

Мантажніку з 13-гадовым стажам Сяргею Вердзешу на пастанову суда павінны выплаціць амаль 1400 рублёў. Без заробку давялося «сядзець на шыі» ў жонкі.

Жонка яшчэ аднаго работніка (праўда, ужо былога. - Заўвага.) ТАА «Ваўкавыскспецмантаж» Антаніна Мелянчук прыйшла на сустрэчу з двума маленькімі дзецьмі, аднаму з якіх крыху больш за год на выгляд. Усяго ў сям'і шасцёра дзяцей.

- Мужу не плацілі ні капейкі! Мы прасілі хоць бы колькі выплаціць, але нам адмаўлялі, - скардзілася жанчына. - Старэйшы сын кінуў стацыянар, перавёўся на завочнае навучанне і пайшоў працаваць. Як мы жылі?..Чым маглі, дапамагалі мама, свякроў: з пенсіі давалі нам нейкую капейку.

Двое работнікаў ужо атрымалі разлік, сказаў старшыня Ваўкавыскага раённага аб'яднання прафзвязаў Віктар Паўловіч.

- Цяпер прадаецца трактар прадпрыемства. Ліквіднай маёмасці, паводле ацэнак старшыні ліквідацыйнай камісіі, дастаткова з лішкам. Аб'яднанне немаленькае было, заказаў заўсёды ставала, да іх звярталіся з прапановамі і пасля спынення працы. А цяпер фірма на каленях. Наша задача - заўсёды дапамагаць людзям дамагацца справядлівасці.

Эканамічная сітуацыя на прыватным прадпрыемстве пачала пагаршацца вясной, калі нечакана звольніліся дырэктар і асноўны заснавальнік. Аднак работнікі прадаўжалі працаваць. У выніку прадпрыемства апынулася на мяжы ліквідацыі.

Грошы на выплату запазычанасці перад работнікамі спаганялі праз суд Ваўкавыскага раёна. У выніку суд абавязаў наймальніка і заснавальнікаў задаволіць законныя патрабаванні пазоўнікаў і выплаціць, акрамя спагнання дзяржпадатку, амаль 42 тысячы рублёў.

Апошнія навіны