Стыў Бэннан: Трамп ведае, што «расейцы - нядобрыя людзі»
- 12.09.2017, 20:58
Былы галоўны стратэг прэзідэнта ЗША заявіў, што Трамп «увесь час крытыкуе Расею».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ведае, што «расейцы - нядобрыя людзі», але аддае перавагу выдаткоўваць грошы на рашэнне праблем унутры краіны замест таго, каб ўвязвацца ў канфлікты за мяжой, заявіў у тэлеінтэрв'ю былы галоўны стратэг прэзідэнта ЗША Стыў Бэннан, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Ён увесь час крытыкуе Расею. Ён ведае, што расейцы - нядобрыя людзі», - сказаў Бэннан у інтэрв'ю праграме «60 хвілін» на CBS News.
Аднак, са слоў Бэннана, яго «дзівіць» меркаванне, што прэзідэнт павінен крытыкаваць Расею.
«Які сэнс увязвацца ў чарговую бойку? - спытаў ён. - У нас ужо дастаткова праблем ва ўсім свеце».
«Мы павінны засяродзіцца на тым, як пакласці канец Халоднай вайне, - працягнуў Бэннан. - Наколькі памятаю, гэта было праграмай прэзідэнта Барака Абамы - выдаткаваць адзін трыльён даляраў на абнаўлення ядзернага арсенала. Вы хочаце, каб мы ішлі гэтым шляхам? Вы хочаце марнаваць грошы на гэта? Ці вы аддаяце перавагу выдаткаваць трыльён даляраў у Кліўлендзе, у Балтыморы, у бедных раёнах, дзе патрэбныя гэтыя грошы, у сэрцы нашай краіны? На мой погляд, ён (Трамп) спрабуе спытаць, ці патрэбны нам чарговы вораг у свеце дзе пануе хаос?»
Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп шакаваў знешнепалітычны істэблішмэнт заявамі, што ён хоча зблізіцца з Расеяй. Дзве папярэднія адміністрацыі спрабавалі наладзіць расейска-амерыканскія стасункі, але не атрымалі поспеху ў гэтым.
Крытыкі абвінавачваюць Трампа і яго перадвыбарчы штаб у змове з Масквой падчас выбараў. ФБР цяпер праводзіць расследаванне па справе аб расейскім умяшанні ў выбары і магчымай змове паміж Масквой і набліжанымі Трампа.
Бэннан назваў расследаванне ФБР пра сувязі паміж штабам Трампа і Расеяй «поўным і абсалютным фарсам».
Адказваючы на пытанне аб тым, ці сведчаць бачаныя ім справаздачы выведкі пра спробы Расеі «паўплываць» на зыход выбараў, Бэннан адмовіўся абмяркоўваць сакрэтную інфармацыю, але адзначыў: «Я думаю, гэта далёка не адназначна, што Расея якім-небудзь чынам уплывала на гэтыя выбары».
Калі Бэннану было зададзенае пытанне, ці спрабавала Расея паўплываць на выбары, ён спаслаўся на існае расследаванне ФБР: «Давядзецца дачакацца, пакуль будзе завершана расследаванне».