Румас пакіне Беларускую федэрацыю футбола
- 12.09.2017, 20:45
Старшыня АБФФ не плануе вылучаць сваю кандыдатуру на наступных выбарах кіраўніка федэрацыі.
Старшыня АБФФ Сяргей Румас у інтэрв'ю «Прессболу» распавёў, што не плануе вылучаць сваю кандыдатуру на наступных выбарах кіраўніка федэрацыі.
- Што адчуваеце, калі чуеце заклікі «Румаса ў адстаўку!»?
- Добрае пытанне. Сёння часта раздаюцца меркаванні накшталт «Я дакладна не ведаю, чым яны займаюцца ў федэрацыі, але ўсіх трэба адправіць у адстаўку». Прычым, што цікава, часцяком гэта кажуць людзі, якія даўно жывуць за мяжой.
Ведаеце, падаць у адстаўку было б для мяне сёння самым лёгкім рашэннем. Сысці і засяродзіцца на працы ў Банку развіцця, у дрэваапрацоўцы, якую нам перадалі. Але лёгкія рашэнні не заўсёды правільныя. Я не хачу перакрэсліць усё, што зроблена нашай камандай за гэтыя гады. Ёсць шэраг праектаў, якія мне важна давесці да канца. У тым ліку і стварэнне спартыўнага канала. Але я і іншае скажу. Праз год з невялікім трэба будзе рыхтаваць чарговую справаздачна-выбарчую канферэнцыю, якая абярэ новага старшыню.
- Вы сабраліся сыходзіць?
- Так. Я не планую вылучаць сваю кандыдатуру на наступных выбарах. Два тэрміны - дастатковы перыяд. У кіраўніцтва АБФФ павінны прыйсці новыя людзі.
- Цікава
- Калісьці Генадзь Мікалаевіч Нявыглас сказаў у інтэрв'ю, што лепш за ўсё ў яго стала атрымлівацца ў федэрацыі пасля таго, як ён пакінуў дзяржслужбу. Прапрацаваўшы ў АБФФ шэсць гадоў, гатовы падпісацца пад словамі Генадзя Мікалаевіча. Усё ж такі лепш, калі старшыня будзе надаваць футболу ўвесь свой час, а не займацца гэтым у канцы дня, калі сыходзіш з асноўнага месца працы.
- Але гэтага можна было чакаць і раней, калі вы ішлі на першы тэрмін.
- Вядома. Я і тады гэта разумеў. Але ў тыя гады трэнд быў такі - многія віды спорту ўзначальвалі чыноўнікі. Цяпер падыходы пачалі мяняцца. У федэрацыі прыходзяць людзі спартыўныя, тыя, што ведаюць спорт знутры. Напэўна, так правільна. І футбол павінен пайсці гэтым шляхам.
- Імя аднаго з вашых магчымых пераемнікаў у кулуарах ужо называецца. Гэта цяперашні намеснік старшыні АБФФ Юры Курбыка.
- Добрая кандыдатура, - сказаў Румас.