BE RU EN

Саюз пісьменнікаў: Ганна Бахціна - чалавек узорнага прафесіяналізму

Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняў заяву з нагоды пазбаўлення ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахцінай.

Грамадскае аб'яднанне «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прыняло экстранную заяву з нагоды пазбаўлення ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахцінай.

«Сёння, 12 верасня, кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь пазбавіла адвакацкай ліцэнзіі вядомую праваабаронцу, аднаго з найлепшых беларускіх юрыстаў Ганну Віктараўну Бахціну. У дачыненні да яе была выкарыстаная фармулёўка «недастатковая прафесійная кваліфікацыя», - адзначаецца ў заяве Сакратарыята Саюза беларускіх пісьменнікаў. - Сябры нашага творчага аб'яднання на працягу доўгіх гадоў ведаюць Ганну Віктараўну як чалавека ўзорнага прафесіяналізму, таленту і мужнасці. Яна годна прэзентавала інтарэсы нашага грамадскага аб'яднання ў працэсах Вярхоўнага суда, бліскуча бараніла ў нашай краіне пастулаты праўды і справядлівасці.

Дзякуючы яе адвакацкаму майстэрству і непахіснай прафесійнай пазіцыі ў 2007 годзе Саюз беларускіх пісьменнікаў, адзін з некалькіх сотняў ліквідаваных грамадскіх аб'яднанняў Беларусі, здолеў захаваць афіцыйны статус.

У 2010 годзе Ганна Бахціна атрымала Ганаровую Грамату Міністэрства РБ юстыцыі за добрасумленную працу ў органах юстыцыі ў абароне правоў і свабод грамадзян.

У апошнія гады Ганна Віктараўна паспяхова вяла рэзанансныя справы Ірыны Халіп, Іллі Валовіка, Эдуарда Пальчыса.

Мяркуем, што пазбаўленне Ганны Бахціной права на адвакацкую практыку з'яўляецца палітычна матываваным рашэннем беларускіх уладаў, звязаным з абаронай Міраслава Лазоўскага, аднаго з ключавых фігурантаў самай гучнай палітычнай справы апошняга часу - «Справы патрыётаў».

Рашуча заклікаем Міністэрства юстыцыі перагледзець прынятае рашэнне ў дачыненні да аднаго з найлепшых у нашай краіне абаронцы правоў і свабод грамадзян».

Апошнія навіны