Як злётаць у Азію за 200 еўраў ці ўвогуле бясплатна
- 12.09.2017, 17:59
Цікавыя і недарагія падарожжы.
Сёння агляд сitydog.by невялікі, але цікавы: аўтобус у Гданьск за 7 еўраў, самалёт з Менска ў Азію і яшчэ адзін самалёт у Азію з бясплатнымі квіткамі.
З'ездзіце ў Гданьск за 7 еўраў
Распродаж ад літоўскага філіяла Ecolines прадаўжаецца да 12 верасня ўключна. Тут можна знайсці квіткі на аўтобус бізнэс-класа з Вільні ў Гданьск ўсяго за 7 еўраў. Даты - з 1 кастрычніка да 14 снежня.
Засталося прыдумаць, як дабрацца да Вільні і зрабіць візу, калі ў вас няма.
З Менска ў Азію за 200 еўраў
Варыянт для тых, хто не хоча зімаваць у Менску. «Туркменскія авіялініі» прапаноўваюць за 200 еўраў паляцець з Менска ў Азію і не вяртацца: 200 еўраў - гэта ў адзін бок.
Квіткі можна купіць наўпрост цяпер на снежань-студзень. Калі раптам адважыліся, то варта паспяшацца: зусім нядаўна квіток у Дэлі можна было купіць за 190 еўраў, а цяпер ужо за 212.
Злятаць у Азію, аплаціўшы толькі зборы
Даволі цікавая акцыя Free Seat ад AirAsia - да 17 верасня можна купіць квіткі ў Азію, аплаціўшы толькі зборы. Вось тут можна паглядзець усе кірункі, куды лётае AirAsia.
Толькі многім акцыя не падыдзе. AirAsia не лётае ні з Вільні, ні з Варшавы. Але раптам вы захочаце з Дэлі, куды прыляцелі за 200 еўраў, бясплатна дабрацца да Бангкока.