BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: Беларускія ўлады ні ў чым не могуць адмовіць Маскве

Вайсковыя вучэнні «Захад-2017» паказваюць, што Лукашэнка - васал Крамля.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў «Радыё Рацыі» сваё меркаванне з нагоды правядзення ў Беларусі вайсковых расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017».

- Калі ў Крамля няма магчымасцяў і жадання паклапаціцца пра сапраўдны дабрабыт расейскага народу, то людзям трэба паказаць, што ў краіны ёсць ворагі на Захадзе, і што Расея можа гэтаму супрацьстаяць, а значыць, неабходна марнаваць на такія вось мерапрыемствы шмат сродкаў. А беларускія ўлады ўсходняму суседу ні ў чым жа не могуць адмовіць.

Падчас вучэнняў пастраляюць, дарма патопчуць зямлю беларускую. Цяпер Пуціну не зручна ў міжнародным плане ладзіць нейкія новыя правакацыі. Крэмль так збанкрутаваў з Данбасам і Крымам, што, як мне здаецца, не будзе Масква цяпер весці нейкія ваенныя дзеянні. Да таго ж, Беларусь знаходзіцца ў эканамічнай залежнасці ад Расеі.

- Краіны Балтыі, Польшча, Украіна з вялікай асцярогай глядзяць на гэтыя вайсковыя гульні...

- І іх пасля сумна вядомых падзей ва Украіне можна добра зразумець. На мяжы расейцы будуць бразгаць зброяй, таму непакой суседзяў, безумоўна, ёсць. А Масква, натуральна, мае вялікае жаданне патрэсці Захаду і НАТО кулаком праз гэтыя вучэнні. Мне здаецца, што на гэта ўсё і разлічана.

Нагадаем, расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ўжо 14 верасня. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавым. Таксама паведамляецца, што запланаваны рэйды на «адрэзку мясцовасці» каля Дрэтуні.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Апошнія навіны