BE RU EN

Мінадукацыі адказала на крык душы пісьменніцы

На думку чыноўнікаў, «усе праблемы высмактаныя з пальца».

Пісьменніца і мама школьніцы Яўгенія Пастэрнак напісала адкрыты ліст Міністэрству адукацыі, у якім распавяла пра школьныя праблемы. Ліст перадрукавалі многія СМІ, прачыталі яго і ў Міністэрстве адукацыі. Прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая распавяла kp.by, што ў гэтым органе дзяржкіравання думаюць пра ліст.

- У лісце не падымаецца ніводнае сур'ёзнае пытанне. Ніводнае не патрабуе таго, каб пісаць ліст міністэрству. Гэта нават смешна.

Тым часам Яўгенія Пастэрнак піша:

- Усе змены ў адукацыі, якія прайшлі ў краіне пачынаючы з 2007 года, вялі да стабільнага пагаршэння становішча спраў. А гэта гаворыць пра тое, што вы не спраўляецеся з сітуацыяй. І, мяркуючы з апошніх ініцыятываў (форма для настаўнікаў і замена сістэмы ацэньвання, змяненне часу пачатку заняткаў і непрадуманы ўвод аплаты харчавання праз АРІП, пачатак навучальнага года без поўнага камплекта падручнікаў і суправаджаючых матэрыялаў), не спраўляецеся таму, што нават прыблізна не ўяўляеце сабе рэальную сітуацыю і рэальныя патрэбы школ.

Людміла Высоцкая пракаментавала некаторыя праблемы, пра якія піша Пастэрнак.

Форма для настаўнікаў і замена сістэмы ацэньвання

- Форма для настаўнікаў? Няма ніякай формы, мы проста просім, каб быў дрэс-код, каб настаўнікі адзяваліся ахайна і не хадзілі на ўрокі ў ірваных джынсах. Замена сістэмы ацэньвання - няма замены сістэмы ацэньвання: была дзесяцібальная сістэма, яна і застаецца.

Змена часу пачатку заняткаў і непрадуманы ўвод аплаты праз АРІП

- АРІП да міністэрства не мае ніякага дачынення, гэта ініцыятыва горада. Задума нядрэнная - адысці ад гатоўкі, галоўнае, каб на месцах яе пісьменна выконвалі.

Тыя школы, дзе вучацца ў адну змену, перайшлі на 9 раніцы. Там, дзе дзве змены, пачатак урокаў а 8.15 - 8.30. Гэтае пытанне шмат у чым вызначае адміністрацыя школы. Так, некаторыя яшчэ недапрацавалі. Міністэрства казала пра тое, што, калі ўрокі пачынаюцца а 9.00, кабінеты павінны быць адчыненыя з 8 гадзін, каб дзеці не сядзелі ў калідоры, але ў некаторых школах гэта менавіта так.

Пачатак навучальнага года без поўнага камплекта падручнікаў і суправаджаючых матэрыялаў.

- Ёсць лінейка з 30 новых падручнікаў, якая выйшла да пачатку навучальнага года. Яшчэ 11 падручнікаў будуць да канца каляндарнага года. Атрымліваецца 41 новы падручнік. Ёсць старыя падручнікі і новыя праграмы. Новыя праграмы напісаныя для настаўнікаў, а не для вучняў. Калі з падручніка паводле новай праграмы выкінутая нейкая тэма, яе можна проста прапусціць, тут жа нічога складанага няма - тлумачыць дзецям толькі тое, што ёсць у праграме.

Апошнія навіны