BE RU EN

Адвакат палітвязняў: Я - прафесіяналка і буду змагацца

Адваката Ганну Бахціну, якая бараніла Ірыну Халіп, Міраслава Лазоўскага, Эдуарда Пальчыса, пазбавілі ліцэнзіі.

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адваката Ганну Бахціну, паведамляе nn.by.

«Мяне не проста пазбавілі ліцэнзіі, са мной зрабілі нашмат горш, - кажа Бахціна. - Мяне выклікалі на пазачарговую атэстацыю, задавалі, як студэнтцы, пытанні, я адказвала на ўсё што да праверкі дакументаў, выканання інструкцый, я на ўсё гэта адказвала. Пасля мяне папрасілі выйсці за дзверы, каб прыняць пастанову.

Пасля таго, як выклікалі назад, то старшыня камісіі агучыў пастанову, што я не магу працаваць адвакатам «у сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй».

Я адказала, што ведаю структуры, якія прынялі гэту пастанову, і чый заказ вы выканалі. У выніку я адмовілася падпісваць пастанову».

Ганна Бахціна мае 38-гадовы прафесійны стаж. Яна абараняла розных людзей, у тым ліку і абвінавачаных у розных палітычных справах. Адным з апошніх падабаронных быў Міраслаў Лазоўскі - адзін з асноўных фігурантаў «справы патрыётаў».

«Вядома, я звязваю гэта і з абаронай Міраслава Лазоўскага. І з тым, што ў 2006 годзе я прадстаўляла інтарэсы Саюза пісьменнікаў, Бураўкіна, Гілевіча, Пятровіча. Я абараняла Эніру Браніцкую, Ірыну Халіп, Іллю Валавіка, Эдуарда Пальчыса. Звязваю такую пастанову толькі з гэтым - і ні з чым больш», - кажа Ганна Бахціна.

Цяпер адвакат збіраецца абскардзіць пастанову. «Я - прафесіяналка. І буду змагацца», - кажа яна.

Паводле звестак журналістаў, такія ж праблемы паўсталі і ў іншых адвакатаў, якія ў апошнія гады ўдзельнічалі як абаронцы ў палітычных працэсах.

Апошнія навіны