Дзяніс Шунто: Cтаўлю Беларускай федэрацыі футбола «нездавальняюча»
- 12.09.2017, 16:38
Беларускія спартыўныя функцыянеры не здольныя праводзіць спаборніцтвы.
Старшыня «Крумкачоў» Дзяніс Шунто мяркуе, што праект стварэння ПФЛ тэхнічна адсунулі ў бок людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць за рэалізацыю ідэі, піша «БелГазета».
- Петыцыя, у якой падпісанты патрабуюць спыніць дзяржфінансаванне футбольных клубаў, кажа пра тое, што людзей канчаткова адвярнула ад беларускага футбола?
- Не думаю, што людзі адвярнуліся ад футбола, напэўна, перасталі верыць у эфектыўнасць укладання дзяржавай у футбол сродкаў. Гэта больш падобна на жэст адчаю, ды і наўрад ці ўсе заўзятары падтрымліваюць такі пункт гледжання. Але такое расчараванне - гэта нават не званок, а ўдар у вялікі звон для кіраўніцтва федэрацыі: пры ўсёй маёй павазе да першага намесніка старшыні АБФФ Сяргея Сафар’яна, якога ўважаю за прыстойнага чалавека і добрага банкіра, відавочна, што ў футболе ў ягонай каманды шмат чаго не атрымліваецца. У кожным выпадку дзяржаўная падтрымка неабходная: калі яна ёсць ва ўсіх сферах, павінна быць і ў футболе, без яе ён ніяк не выжыве.
Магчыма, нейкія змены адбудуцца і сродкаў дапамогі стане менш, але «Беларуськалій» усё адно будзе дапамагаць «Шахцёру», а, дапусцім, МНПЗ - мазырскай «Славіі». Сацыяльная нагрузка на заводы застанецца, таксама як і гарвыканкамы ад футбольных каманд не адвярнуцца. Зразумела, што, напрыклад, у Магілёве можна знайсці больш сродкаў, чым у Смаргоні, ад гэтага проста залежыць і будзе залежаць, у якой лізе гуляе каманда, наўрад ці існыя сёння расклады істотна зменяцца. Хіба што зноў рэзка паўстане пытанне аб скарачэнні вышэйшай лігі.
Я, дарэчы, заўсёды быў прыхільнікам 12 каманд у вышэйшай лізе, хоць вакол раздаюцца размовы, што, калі пачнецца рэзкае скарачэнне, «Крумкачоў» у эліце не будзе. Не будзе кагосьці іншага, бо калі казаць пра спартыўны складнік, не думаю, што нас будзе лёгка выгнаць з вышэйшай лігі - нават калі пачнецца скарачэнне і цягам некалькіх гадоў у ніжэйшы дывізіён будуць вылятаць не па дзве, а па тры каманды. Пры ўразанні вышэйшай лігі пакуль бачу адзін істотны мінус: скарачэнне каманд адаб'ецца на дзіцяча-юнацкім футболе. Цяпер згодна з умовамі ліцэнзавання клуб вышэйшай лігі абавязаны ўтрымліваць дзіцяча-юнацкія каманды пяці ўзростаў: чым менш клубаў, тым менш дзяцей атрымаюць спаборніцкую практыку, колькасць груп скароціцца, фінансаванне стане меншым.
- Заўзятары ў петыцыі якраз прапануюць пакінуць дзяржфінансаванне выключна ў дзіцяча-юнацкім футболе: рэструктурызацыя спорту вышэйшых дасягненняў ніяк не павінна паўплываць на падрыхтоўку рэзерву ...
- Пакуль не ўяўляю магчымым, як гэта ўсё можна арганізаваць. Дзярждатацыі - гэта нагрузка на мясцовыя бюджэты, рэгіянальныя прадпрыемствы, якія ў кожным выпадку зацікаўленыя дапамагаць сваім, а калі ствараць новую сістэму, неабходна цэнтралізаванае фінансаванне. Дапусцім, стварылі дзяржпраграму падтрымкі футбола, вылучылі на яе, скажам, 30 мільёнаў даляраў, раўнамерна на ўсіх размеркавалі, а спецыяльна прызначаны дзяржаўны чалавек (той жа Сафар'ян або кіраўнік федэрацыі Сяргей Румас) сачыў бы за парадкам.
Калі б сродкі размяркоўваліся паводле адной схемы, а не залежалі ад шэрагу фактараў, можна было б з большага зразумець агульную сітуацыю, колькі трэба на дзіцяча-юнацкі футбол, на іншыя пытанні. Тое ж было б і з вышэйшай лігай: пры раўнамерным размеркаванні можна зразумець, колькі каманд рэальна можна ўтрымліваць -12,16 або нейкую іншую колькасць.
- Летась шмат размоў вялося пра стварэнне Прафесійнай футбольнай лігі, якой кіравалі б самі клубы...
- Гэта тое, да чаго трэба імкнуцца, але з шэрагу прычын такая арганізацыя ў нас пакуль немагчымая. Ініцыятарам стварэння ПФЛ быў мэнэджар Мікалай Карповіч, які, упэўнены, лез бы са скуры, каб гэты праект паспяхова запрацаваў. Але чалавека тэхнічна адсунулі ў бок людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць за рэалізацыю ідэі. У выніку адзін дамогся нармальнага календара для свайго клуба, другі амаль пралабіяваў зручную для сябе колькасць легіянераў. А меркаванне такіх клубаў, як «Крумкачы», абсалютна нікога не цікавіць. Цяперашняму кіраўніцтву федэрацыі смела можна ставіць «нездавальняюча» за правядзенне спаборніцтваў і агульнае кіраванне вышэйшай лігай.