BE RU EN

Украінскі ракетабудаўнік: Пастаўшчыком ракетных рухавікоў для КНДР з'яўляецца Расея

Пхеньян мог атрымаць ад Масквы ракетныя рухавікі падчас візіту Кім Чэн Іра ў РФ.

У гэтым упэўнены гендырэктар украінскага Паўлаградскага хімзаводу Леанід Ткач, які 30 гадоў займаецца распрацоўкай ракетных рухавікоў на цвёрдым паліве, паведамляе УНІАН. У эфіры праграмы «Гроші» ён заявіў, што цяперашнія ракеты Паўночнай Карэі выкарыстоўваюць рухавікі, магутнасці якіх адпавядаюць апаратам, пабудаваным у Нямеччыне ў мінулым стагоддзі. Да такой высновы ён прыйшоў, аналізуючы след ад паўночнакарэйскай ракеты.

Ён мяркуе, што пытанне аб тым, як яны патрапілі ў КНДР, варта задаць расейскім уладам. На ягоную думку, на ракетах, якія запускаюцца Пхеньянам, могуць стаяць рухавікі, якія РФ павінна была ўтылізаваць яшчэ ў пачатку 90-х. Замест гэтага яна, відавочна, перадала іх Паўночнай Карэі падчас візіту Кім Чэн Іра ў Расею, які прыбыў вялікім чыгуначным саставам, заявіў Ткач.

Адзначым, што нябожчык лідар КНДР Кім Чэн Ір тройчы наведваў Расею - у ліпені-жніўні 2001-га, жніўні 2002-га і жніўні 2011 года, прычым у апошні раз даехаў толькі да Улан-Удэ, дзе адбылася яго сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым.

У той жа час Ткач зняпраўдзіў здагадкі пра тое, што ракетныя рухавікі РД-250 маглі трапіць у Паўночную Карэю з Украіны, бо, з ягоных слоў, у такім выпадку магутнасць рухавікоў КНДР была б значна вышэйшай у параўнанні з тым, што дэманструюць відэакадры паўночнакарэйскіх пускаў.

Раней аналагічнае меркаванне выказваў 74-гадовы нямецкі інжынер-ракетабудаўнік Роберт Шмукер. У інтэрв'ю DW ён выказаў упэўненасць, што кампаненты ракет, выкарыстаных Паўночнай Карэяй у апошніх тэставых запусках, былі зробленыя ў Расейскай Федэрацыі і затым завезеныя ў КНДР.

«Папярэднія ракеты, якія паўночнакарэйцы раз-пораз запускаюць, з'яўляюцца ракетамі тыпу «SCUD», «Надон» і «Кропка» - усё гэта савецкія распрацоўкі. З фатаграфій вайсковых парадаў, з запускаў відаць, што пераважная большасць з іх - старыя савецкія ракеты. Але новыя ракеты, запускі якіх адбыліся ў апошнія 12-14 месяцаў, грунтуюцца на іншай тэхналогіі, якая ўжо не мае дачынення да «SCUD» ды іншых. Яны павінны былі стварыць гэтую тэхналогію літаральна з нічога. Але і тут мы бачым, што выкарыстаныя ў гэтых ракетах рухавікі цалкам сапраўды паступілі з Расеі», - заявіў ён.

Апошнія навіны