BE RU EN

Вячаслаў Піліпук: Будзем стукаць ва ўсе дзверы, каб абараніць беларускіх ІП ад чужынцаў

Умовы для работы павінны быць роўнымі для ўсіх.

Намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук распавядае «Радыё Рацыі», ці выраўняліся ўмовы працы для беларускіх і азіяцкіх прадпрымальнікаў.

У званы беларускія прадпрымальнікі пачалі біць не сёння. Яны распавядалі, што ў Менску і рэгіёнах масава сталі з'яўляцца тавары на кірмашах ад азіяцкіх гандляроў, пераважна грамадзян Кыргызстана. Пры гэтым у апошніх нярэдка наогул адсутнічалі дакументы на тавар.

- Пасля таго, як мы звярнулі ўвагу на праблему, антыманапольныя органы даслалі нам адказ, што яны праверылі азіяцкіх прадпрымальнікаў і знайшлі некаторыя парушэнні правілаў вядзення гандлю. Былі праблемы з сертыфікатамі, тавар не прабіваўся праз касавы апарат... Хоць азіяты працуюць па-ранейшаму, іх дзейнасць не прыпыненая. Магчыма, ім далі рэкамендацыі ліквідаваць парушэнні.

Зразумела, што проста так беларускі рынак яны не пакінуць, бо маюць за кошт нізкіх коштаў добры прыбытак.

- Адным словам, цяпер яны працуюць на законных падставах?

- У гэтай сітуацыі ёсць адзін цікавы момант. Справа ў тым, што замежным грамадзянам дазваляецца некалькі дзён на месяц гандляваць без дакументаў. Вось некаторыя і карыстаюцца гэтым. Некалькі дзён адзін гандляр з Азіі працуе без дакументаў, затым яго змяняе іншы, і так па ланцужку. Таму мы па-ранейшаму будзем грукацца ва ўсе дзверы, каб змяніць сітуацыю, бо беларускія прадпрымальнікі знаходзяцца ў дыскрымінацыйным стане.

Мы не супраць, каб азіяцкія гандляры працавалі ў Беларусі, але ўмовы для работы павінны быць роўнымі для ўсіх. Трэба паважаць тыя правілы і законы, якія ўстаноўлены для ўсяго прадпрымальніцкага асяроддзя.

Апошнія навіны