Беларускія турысты вылецелі з Анталлі з затрымкай больш чым 12 гадзін
- 12.09.2017, 14:09
Блізу сотні беларусаў не маглі вылецець з курортнага турэцкага горада з учорашняга вечара да 12 гадзін сённяшняга дня.
Чартэрны рэйс «Белавія» павінен быў вылецець з Анталлі ў Менск а 21.35, 11 верасня, але аб 11 раніцы 12 верасня пасажыры паведамлялі tut.by, што яшчэ знаходзяцца ў аэрапорце.
- Мы сядзім у аэрапорце з сямі гадзін учорашняга вечара. Вельмі шмат дзяцей. Частка людзей начавала ў аэрапорце, частку засялілі ў гатэль, але адбылося гэта толькі а 6 гадзіне раніцы, - распавядае мянчанка Алена. - Абяцалі, што сёння а 10.50 будзе вылет, але яго зноў адкладаюць.
Беларуска дадае, што ўчора пасажыраў ужо пасадзілі ў самалёт, але ён не вылецеў.
- Тут спякота за 30. Мы сядзелі ў душным самалёце блізу 40 хвілін. Народ пачаў бунтаваць, капітан сказаў пра нейкую непаладку, што яе вось-вось ліквідуюць. У выніку людзі не вытрымалі, усіх павезлі назад, у залу чакання. На табло ўвесь час змяняўся час вылету. Да трох гадзін людзі зразумелі, што нікуды не паляцяць.
Алена адзначае, што ўвечары і раніцай тых пасажыраў, якія заставаліся ў аэрапорце, кармілі.
- Але цікава, што перашкаджала паведаміць пра складанасць паломкі, каб мы разумелі, на што разлічваць? - абураная пасажырка. - Народ злы, дзеці плачуць.
Паводле інфармацыі рэсурсу www. flightradar24.com, рэйс BRU 8202 вылецеў з аэрапорта Анталлі сёння а 12.23.