Томас Венцлава: Рана ці позна паўстануць аб'яднаныя штаты Еўропы
- 12.09.2017, 12:26
Еўрапейскі Звяз з'яўляецца гарантам суверэнітэту для народаў, што мяжуюць з РФ.
Адзін з найбольш вядомых літоўскіх інтэлектуалаў Томас Венцлава ў інтэрв'ю радыё LRT распавёў пра сваё бачанне будучыні Еўразвязу і яго ролі ў захаванні незалежнасці Літвы (пераклад - westki.info).
Вядомы літоўскі паэт сказаў: «Рана ці позна паўстануць аб'яднаныя штаты Еўропы, падобныя да ЗША. І ў гэтым няма нічога страшнага. Гэта не азначае, што наш народ страціць незалежнасць, ці што наша дзяржава знікне. Але незалежнасць трохі інакш будзе выглядаць, чым сёння. Магчыма, нават лепш».
Адказваючы на пытанне, як ён глядзіць на літоўскае грамадства, культурную і інтэлектуальную эліту, Венцлава адзначыў:
«Падрастае новае пакаленне інтэлектуалаў, з якімі я згодны і якія кажуць прыблізна тое ж, што кажу і я. Гэта мяне вельмі радуе. Але мяне палохае тое, што ёсць нямала ўплывовых інтэлектуалаў, якія выступаюць супраць ЕЗ, якія патрабуюць незалежнасці Літвы ў самым прымітыўным сэнсе - каб Літва праводзіла сваю палітыку, зусім не звяртаючы ўвагі на інтарэсы Еўропы і Заходняга свету.
У такім выпадку Літва стала б падобнай да Паўночнай Карэі ці, у найлепшым выпадку, да Ірану. Гэта цалкам незалежныя краіны, але што ў гэтым добрага? Нічога добрага няма.
Для Літвы няма нічога горшага, чым выйсці з ЕЗ. І, не дай Бог, каб ЕЗ раскідаўся. Хоць я думаю што ён не раскідаецца. Аднак ёсць інтэлектуалы, якія з нецярпеннем чакаюць раскідання ЕЗ і нават спрабуюць яго наблізіць.
На мой погляд, Літве гэта вельмі шкодна. Гэта зноў вярнула б Літву ў міжваенны час, калі дзяржава была ў вялікай небяспецы - і з боку Нямеччыны, і з боку Савецкага Саюза».