BE RU EN

Украіна прывяла ў баявую гатовасць амаль усю авіяцыю

У краіне пачаліся вайсковыя вучэнні «Нязломная трываласць».

Амаль усе вайсковыя часткі Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны (УСУ) прыведзеныя ў баявую гатовасць з мэтай праверкі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генеральнага штаба УСУ.

«З мэтай праверкі пытанняў гатовасці да выканання задач паводле прызначэння амаль усе баявыя вайсковыя часткі Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны прыведзеныя ў баявую гатовасць», - гаворыцца ў паведамленні.

У Генштабе паведамілі, што будзе ажыццяўляцца набор на навучальныя зборы рэзэрвістаў аператыўнага рэзэрву першай і другой чэргаў для дадатковага ўкамплектавання гэтых вайсковых частак да поўных штатаў. «Асаблівая ўвага падчас збораў надаецца здольнасці вайсковых частак арганізавана прыняць асабовы склад запасу і арганізацыі ўсебаковага забеспячэння. Таксама з рэзэрвiстамi будзе праведзены шэраг заняткаў у індывідуальнай падрыхтоўцы», - адзначылі ў міністэрстве.

Цяпер ва Украіне праходзіць шэраг вайсковых вучэнняў. Раней прэс-служба Міністэрства абароны краіны паведаміла, што камандна-штабныя вучэнні Узброеных сіл Украіны (УСУ) «Нязломная трываласць - 2017» з прыцягненнем войскаў і аператыўных рэзэрваў пачаліся ў аўторак.

«Да 15 верасня адбудзецца шэраг вучэнняў з прыцягненнем войскаў і аператыўных рэзэрваў, галоўнымі з якіх стануць стратэгічныя манеўры «Нязломная трываласць - 2017», - адзначылі ў міністэрстве, спасылаючыся на начальніка Генеральнага штаба УСУ генерала арміі Віктара Мужэнку.

Паводле ягоных слоў, мэта манеўраў - «нарошчванне магчымасцяў органаў вайсковага кіравання ажыццяўляць камандаванне войскамі падчас перагрупоўвання, вядзення абарончых, стабілізацыйных і баявых дзеянняў». Гэтым манеўрам папярэднічаюць вучэнні тылавых службаў, якія будуць удасканальваць сістэму планавання і забеспячэння груповак войскаў і кіравання прыцягнутымі сіламі ў часе стратэгічнага разгортвання УСУ і арганізацыі абароны на пагражальных кірунках.

Акрамя таго, да 15 верасня будзе арганізаваны трэнінг сіл і сродкаў тэрытарыяльнай абароны Украіны з разгортваннем іх штабоў.

У сувязі з ваеннымі манеўрамі Генеральны штаб УСУ нагадаў пра адказнасць за вядзенне фота- і відэаздымкі вайсковай тэхнікі, рэжымных вайсковых аб'ектаў і спробаў пранікнення на іх тэрыторыю. «У раёне правядзення вучэнняў, над вайсковымі часткамі, аб'ектамі і палігонамі ўсе заўважаныя беспілотныя лятальныя апараты будуць збітыя, а асобы, якія ажыццяўлялі старт або кіравалі гэтымі БПЛА, будуць затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасці», - паведаміла ў аўторак міністэрства.

Вучэнні «Нязломная трываласць - 2017» супадаюць з супоьнымі стратэгічнымі вучэннямі Расеі і Беларусі «Захад-2017», якія запланаваныя з 14 да 20 верасня.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў іх пагрозай для сваёй краіны.

У панядзелак у Львоўскай вобласці пачаліся таксама міжнародныя камандна-штабныя вучэнні «Rapid Trident - 2017».

Апошнія навіны