Страсбуржскі суд запатрабаваў ад Расеі даць інфармацыю пра Паўла Грыба
- 12.09.2017, 11:37
Дакументы аб стане здароўя выкрадзенага ФСБ украінца павінны быць пададзеныя не пазней як 25 верасня.
Еўрапейскі суд правоў чалавека адказаў на заяву адвакаткі сям'і Паўла Грыба Яўгеніі Закрэўскай. Пра гэта адвакатка напісала ў сваім Facebook.
У суд адвакатка сям'і звярнулася на мінулым тыдні, калі пра месцазнаходжанне Паўла нічога не было вядома.
У адказе ЕСПЧ сказана, што суд просіць ўрад Расеі ў тэрмін да 25 верасня накіраваць медыцынскую дакументацыю, якая змяшчае інфармацыю пра стан здароўя Паўла Грыба. А таксама паказаць, якія медыцынскія прэпараты яму прапісаныя, і якія ён атрымлівае. На падставе гэтай інфармацыі суд будзе прымаць пастанову аб прыняцці тэрміновых захадаў.
Раней сваякі Паўла паведамлялі, што ён пакутуе ад цяжкага захворвання, звязанага з паталогіяй парушэння кровазабеспячэння ўнутраных органаў, і яму патрэбная бесперапынная медыцынская дапамога. Учора да Грыба пусцілі ягонага адваката Андрэя Сабініна, які пасля сустрэчы распавёў, што ніякіх лекаў затрыманы не атрымлівае.
Адвакат таксама паведаміў, што, са слоў Грыба, з Гомеля яго вывезлі невядомыя людзі. Артыкул, паводле якога ўкраінца затрымалі, адвакат назваць не здолеў, бо даў падпіску пра неразгалошванне.
Нагадаем, Павел Грыб знік пасля перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы 24 жніўня. Ён накіроўваўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расеі. Сваякі Грыба падазраюць ФСБ Расеі ў аперацыі вывазу яго з Беларусі.
7 верасня МЗС Украіны паведаміў, што Павел Грыб знаходзіцца ў СІЗА ФСБ у Краснадары.
Беларускія ўлады на мінулым тыдні збіраліся разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы паводле факту знікнення ўкраінца пасля заканчэння праверкі. Але пазней МУС Беларусі паведаміла, што не затрымлівала Грыба.
Кіеў заявіў Маскве «катэгарычны пратэст» праз затрыманне Паўла Грыба. Украінскі МЗС запатрабаваў ад расейскай стараны «неадкладна забяспечыць доступ украінскіх консулаў да затрыманага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, даць вычарпальную інфармацыю пра месца, прычыны і абставіны ягонага затрымання, умовы ўтрымання і забяспечыць ягонае неадкладнае вяртанне ва Украіну».