Расейцам будуць уразаць пенсіі
- 12.09.2017, 10:50
Урад РФ пастанавіў зэканоміць на паджылых грамадзянах.
Мінэканамразвіцця РФ спрагназаваў скарачэнне пенсій у рэальным вылічэнні, пішуць у аўторак "Ведомости" са спасылкай на ўнесены ва ўрад макрапрагноз.
Згодна з дакументам, наайбліжэйшыя тры гады пенсійныя выплаты ў рэальным вылічэнні ў Расеі расці не будуць. Гэта адбудзецца праз адмову ад іх індэксацыі пенсіянерам, якія працуюць, якіх у Расеі блізу 10 мільёнаў. Акрамя таго, на іх скарачэнне паўплывае інфляцыя, якая, паводле прагнозу, будзе вышэйшая, чым у гэтым годзе. Індэксуюць жа пенсіі на велічыню леташняга паказчыка. Паводле асноўнага сцэнару, яны знізяцца на 0,7 адсотка ў 2018 годзе і па 0,6 адсоткі ў 2019-2020 гадах.
Два федэральныя чыноўнікі і прадстаўнік Мінпрацы РФ інфармацыю пацвердзілі. Аднак яны дадалі, што фармаванне бюджэту яшчэ не закончанае. Адзін з чыноўнікаў таксама заявіў, што пра ўсе выплаты казаць нельга, бо гэта тэхнічны паказчык. Ён патлумачыў "Ведомостям", што правільна абмяркоўваць два паказчыкі: пенсію непрацоўных пенсіянераў, а для працоўных - агульны даход, які складаецца з пенсіі і заробку.
"Заробак працоўных пенсіянераў расце разам з рынкам працы... пенсія ж не індэксуецца, але ўсё ж крыху павялічваецца (прыкладна на адзін адсотак) праз пералічэнне балаў (яны даналічваюцца, бо чалавек даўжэй працуе)... У рэальным вымярэнні даход змяншаецца ў мінімальнай колькасці пенсіянераў", - піша газета са спасылкай на чыноўніка.
Пры гэтым ён дадаў, што трэба ўлічваць ступеністую назапашаную індэксацыю, калі чалавек перастане працаваць. Рэальныя даходы ўсяго насельніцтва будуць расці хутчэй: у 2018-2020 гадах - 2,1 адсотка, 1,1 адсотка і 1,2 адсотка адпаведна, рэзюмуе газета.
У Мінэканамразвіцця заявілі, што апублікуюць праект пасля ўхвалення ва ўрадзе.