BE RU EN

Праца перастала «карміць» амаль палову беларусаў

На «адзін» заробак пражыць у нашай краіне стала проста нерэальна.

Даследчы цэнтр сайта tut.by правёў апытанне сярод 827 чалавек і высветліў, што практычна 40% рэспандэнтаў акрамя асноўнай працы маюць падпрацоўку.

Большасць супрацоўнікаў - 47,5% падзарабляюць праз нястачу грошай, 17,1% апытаных працуюць дзеля свайго задавальнення. Блізу 15% удзельнікаў апытання разглядаюць падпрацоўкі ў якасці запаснога аэрадрома на выпадак страты асноўнага месца працы. Больш за 9% апытаных працуюць у некалькіх месцах, каб фінансава падтрымаць блізкіх людзей. Не могуць уладкавацца на сталае месца працы і выкарыстоўваюць магчымасць часовых заробкаў 7,5% удзельнікаў даследавання.

Блізу 20% апытаных адзначылі, што іхні даход ад дадатковых заробкаў дасягае паловы, а то і цэлай заплаты з асноўнага месца працы. Грашовую ўзнагароду ад дадатковых заробкаў 7,1% рэспандэнтаў наогул перасягае іхні штомесячны заробак.

Пры гэтым больш за чвэрць апытаных працуюць у некалькіх месцах штодзень. Падзарабляюць 2-3 разы буднымі днямі 23,7% рэспандэнтаў. Працуюць суботамі-нядзелямі блізу 13% удзельнікаў даследавання. Больш за 11% падзарабляюць 1 раз на тыдзень, а 13,8% апытаных - не часцей за 1 раз на месяц. Сярод варыянтаў адказу «Іншыя» часцей за ўсё сустракаліся наступныя: «падзарабляю выпадкова» і «калі маю прапанову».

Больш за палову ўдзельнікаў даследаванні адзначылі, што іхнія падпрацоўкі звязаныя з асноўнай сфэрай дзейнасці. Практычна чвэрць рэспандэнтаў падзарабляюць, асвойваючы новы прафесійны абсяг. Манетызаваць захапленні і хобі ў дадатковы даход выпадае ў 21,4% удзельнікаў даследавання.

Даследчы цэнтр таксама правёў апытанне сярод 92 працадаўцаў. Большасць з іх (68,5%) мяркуюць, што падпрацоўкі супрацоўнікаў шкодзяць асноўнай працы: прадукцыйнасць у «падпрацоўнікаў» ніжэйшая ў параўнанні з іншымі калегамі, а частка супрацоўнікаў і ўвогуле спрабуе падпрацаваць у працоўны час. Пры гэтым блізу 30% апытаных працадаўцаў адзначылі, што калі супрацоўнік выконвае свае паказчыкі, паспяхова дае рады пастаўленым задачам на працы, то ягонае жаданне падпрацаваць у асабісты час толькі вітаецца.

Апошнія навіны