BE RU EN

У Расеі выпрабавалі абсталяванне для БелАЭС

  • 1.09.2017, 12:15

Выпрабаванні прайшлі тры галоўныя цыркуляцыйныя помпавых агрэгаты.

У Расеі Цэнтральнае канструктарскае бюро машынабудавання (ЦКБМ) правяло выпрабаванні трох галоўных цыркуляцыйных помпавых агрэгатаў ГЦНА-1391, прызначаных для Беларускай атамнай электрастанцыі. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на групу кампаній «Атамэнэргамаш».

У рамках кантракту ЦКБМ зробіць пяць такіх агрэгатаў для другога энергаблока Беларускай АЭС.

Галоўныя цыркуляцыйныя помпавыя агрэгаты - гэта неад'емная частка рэактарных установак АЭС. Яны выкарыстоўваюцца для стварэння цыркуляцыі цепланосбіту ў першым контуры рэактара і працуюць у варунках высокага ціску пры тэмпературы, якая перасягае 300 градусаў Цэльсія.

Адзіны ў Расеі комплекс для правядзення поўнамаштабных выпрабаванняў помпавага абсталявання ў варунках, якія імітуюць працу рэактара ва ўсіх параметрах (ціск, тэмпература, тып цепланосбіту), знаходзіцца акурат у ЦКБМ. Уся прадукцыя прадпрыемства, якая пастаўляецца на АЭС, праходзіць выпрабаванні ў розных рэжымах, што дазваляе своечасова выяўляць магчымыя адхіленні параметраў працы і выпраўляць няспраўнасці.

Апошнія навіны