BE RU EN

Войскі Вяйшнорыі прыйдуць на дапамогу Наўгародскай рэспубліцы і Цвярскому княству

  • 31.08.2017, 15:41

І ў гэтым ім дапамогуць запарожскія казакі і тэхаскія рэйнджары.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы мапу вучэнняў «Захад-2017», на якой паўночна-заходняя частка Беларусі была выдзеленая ў асобную дзяржаву Вейшнорыю, варожую да Пуціна і Лукашэнкі.

- Беларусы адказалі на гэта ў сетцы шквалам мемаў і каментароў і нават стварылі МЗС Вейшнорыі. Чаму людзі так адрэагавалі?

- Хачу сказаць, што такая рэакцыя была цалкам прагназаванай. Яна стала найлепшым паказчыкам рэальных настрояў у краіне, дзе не праводзяцца сумленныя сацыялагічныя даследаванні. І рэакцыя беларусаў цалкам зразумелая, бо абсалютная большасць грамадзян краіны ненавідзіць калгаснага дыктатара Лукашэнку і рэзка адмоўна настроеная да прысутнасці расейскіх акупантаў у Беларусі.

Такім чынам людзі выказваюць сваё стаўленне да супольных маскоўска-шклоўскіх манеўраў. Відаць, што большасць выступае катэгарычна супраць. І зразумела, што Вейшнорыя з'яўляецца сімвалам сапраўднай, еўрапейскай, дэмакратычнай Беларусі, у якой і хочуць жыць беларускія грамадзяне.

- Як вы патлумачыце пазіцыю Генштаба, які «адрэзаў» ад Беларусі частку тэрыторыі, ператварыўшы яева ўмоўна варожую дзяржаву?

- У нас усе вышэйшыя вайсковыя чыны сканчалі акадэміі ў Маскве. Як калісьці спявала Кася Камоцкая - «у іх Масква ў галаве». Для такіх, як кіраўнік Генштаба Алег Белаконеў, незалежная Беларусь з'яўляецца косткай у горле, і яны, напэўна, шчыра дзівяцца такой рэакцыі беларусаў. Для іх беларус - гэта «расеец са знакам якасці». А напраўду беларусы - гэта еўрапейцы, якія хочуць жыць у сваёй незалежнай краіне.

Нагадаю, што самі вучэнні названыя «Захад-2017», і іх мэтай якраз і з'яўляецца барацьба супраць Захаду, супраць Еўропы і ўсяго, што з Еўропай звязана. Таму начальнік Генштаба ў гэтай сітуацыі як раз і знаходзіцца на сваім месцы: ён і генералы абараняюць калгасныя каштоўнасці і супольную карупцыю дыктатараў Пуціна і Лукашэнкі. На іх мапе вучэнняў я нічога дзіўнага не бачу.

- Некаторыя карыстальнікі сеткі асцерагаюцца, што захапленне Вейшнорыяй нібыта можа абудзіць «заходнебеларускі сепаратызм». Ці ёсць такая пагроза?

- «Сепаратызм» тут угледзеў як раз генерал Белаконеў. Таму што гэта менавіта Генштаб спрабуе падзяліць беларусаў на дзве часткі. Бо Вейшнорыю больш за ўсё падтрымліваюць у пратэстанцка-праваслаўным Менску. У самы найбліжэйшы час узброеныя сілы Вейшнорыі падтрымаюць усходнія гарады краіны, якія паўсталі супраць акупантаў. І ў гэтым ім дапамогуць і запарожскія казакі, і тэхаскія рэйнджары, і марская пяхота Рэспублікі Каліфорнія, і жамойцкі вайсковы флот.

Ідзе глабальная барацьба за свабоду. Войскі Вейшнорыі яшчэ прыйдуць на дапамогу Цвярскому княству і Наўгародскай рэспубліцы.

- Ці можна казаць, што мы прысутнічаем пры зараджэнні новай ідэі, якая аб'яднае беларусаў і дапаможа ім пабудаваць еўрапейскую, дэмакратычную краіну?

- Я ацэньваю сітуацыю крыху па-іншаму. Беларусь з'яўляецца нармальнай усходне- і цэнтральнаеўрапейскай краінай, якой былі Вугоршчына, Чэхаславаччына, Польшча ў 80-я гады. Абсалютная большасць грамадзян Беларусі, як і грамадзяне гэтых краін у свой час, хочуць жыць у Еўропе, хочуць годнага жыцця і не жадаюць жыць пры дыктатуры ў камуністычным калгасе.

І сваімі дзеяннямі слана ў пасуднай краме генерал Белаконеў проста дапамог гэтаму жаданню выйсці вонкі, праявіць сябе.

Думаю, самы вялікі шок ад Вейшнорыі сёння адчуваюць ў Маскве, бо там таксама жывуць у сваім прыдуманым свеце: маўляў, ёсць нейкія «белыя расейцы», якія спяць і бачаць сябе часткай Масковіі.

А вось і не. Беларусь - гэта нармальная еўрапейская краіна і большасць грамадзян хочуць і будуць жыць у Еўропе. Тое, што адбылося - гэта проста дыягназ падаючай беларускай дыктатуры.

Хай Белаконеў, Пуцін і Лукашэнка паглядзяць праўдзе ў вочы. Ніякія штыкі не змогуць выратаваць гэтае жахлівае, неэфектыўнае ўтварэнне пад назвай «лукашэнкаўская дыктатура».

У Беларусі жывуць еўрапейцы. І такімі мы былі, ёсць і будзем.

Апошнія навіны