BE RU EN

Гарадзенец спрабаваў уплаў пераправіць у Літву партыю цыгарэт

  • 24.08.2017, 18:57

Жыхара Горадні злавілі за 600 метраў ад берагавой водмелі Нёмана.

Жыхар Горадні спрабаваў пераправіць 6 тысяч цыгарэт праз Нёман у Літву. Але гарадзенскія памежнікі спынілі спробу кантрабанды, паведамляецца на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта.

23 жніўня пошукавая група затрымала мужчыну за 600 метраў ад берагавой водмелі. З сабой у гарадзенца была торба, у якой знаходзіўся касцюм для падводнага плавання. Таксама паблізу месца затрымання былі знойдзены шэсць герметычна ўпакаваных заплечнікаў з тытунёвымі вырабамі беларускай вытворчасці, падрыхтаваных да перапраўкі праз рачны ўчастак мяжы.

Пры затрыманні мужчына паспрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў. Памежнікам давялося ўжыць табельную зброю: былі зроблены папераджальныя стрэлы ў паветра.

У дачыненні да беларуса распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.29 і арт. 23.30 КоАП Рэспублікі Беларусь (Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і парушэнне памежнага рэжыму). Мужчыне пагражае штраф да ста базавых велічынь.

Апошнія навіны