BE RU EN

«Дзеці адмаўляюцца ад школьных сняданкаў праз вонкавы выгляд кухараў»

  • 22.08.2017, 17:34

Спецыялісты расказалі, чаму дзеці не хочуць есці ў школах.

- Трэба разумець, што дзеці ядуць вачыма. Таму вельмі важная сервіроўка сталоў, эстэтычны стан сталовых. Калі дзіця ўбачыць у кухара брудныя рукі, яно не тое што кашу, яно эскалоп есці не будзе, - распавядае kp.by загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава.

Са слоў Малахавай, у некаторых школах праводзілі анкетаванне: у дзяцей пыталіся, чаму яны адмаўляюцца ад ежы ў школе. І на першым месцы апынуўся не адказ «нясмачна», а «праз вонкавы выгляд кухараў».

«У школе нясмачна» - гэта, вядома, таксама частая дзіцячая прэтэнзія.

- Дзеці кажуць, што смачна - гэта газаваныя напоі, чыпсы. Бацькі часам нават не ведаюць, што іх дзеці не ядуць у школе, а ходзяць у краму і купляюць ежу там (за тыя грошы, якія бацькі даюць на школьныя абеды. - Рэд.), - прадаўжае Ала Малахава. - У будучыні трэба стварыць электронны партманэт. Каб бацькі адсочвалі, што ядуць дзеці ў школе.

Дакладна ведаць, што грошы, якія бацькі далі на школьныя сняданкі, на іх і сышлі, можна будзе пры аплаце па безнаяўным разліку. З 1 верасня ў Менску будуць разлічвацца за школьныя абеды праз АРІП. Неўзабаве школьныя абеды за гатоўку знікнуць і ў рэгіёнах.

- Мы прапануем ажыццяўляць безнаяўны разлік не толькі ў Менску, - кажа начальніца аддзела інфармацыйнай працы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі харчавання Алена Кізеева. - У гэтым выпадку бацькі канкрэтна ведаюць, на што пайшлі грошы. Бацькі будуць упэўненыя, што дзіця не пайшло ў шапік па газіроўку, а атрымала гарачае харчаванне.

Каб купіць прысмакі, дзецям не абавязкова ісці ў краму. У школах ёсць і буфеты, дзе прадаюць шакаладкі і булачкі. Праўда, сухары, чыпсы і газіроўку прадаваць забаронена.

- Сёлета нам з Міністэрствам аховы здароўя трэба вельмі шчыльна папрацаваць над асартыментам школьных буфетаў, - кажа намеснік начальніка ўправы бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання МАРГ. - Часам у школьных буфетах прадаецца шмат кандытарскіх вырабаў. А пераважаць павінны не цукеркі, а салаты, садавіна, сокі, гародніна.

Яшчэ адна тэма, якая хвалюе бацькоў, ці будуць дзеці паспяваць паесці, калі скароцяць перапынкі.

- Каб паспець паесці, дзіцяці трэба не менш за 15 хвілін, - распавядае Ала Малахава. - 10 хвілін недастаткова. Спехам есці нельга, трэба спакойна, а не праглынаць ежу не жуючы.

Апошнія навіны