BE RU EN

Менчукі: Расейскі жаўнер, ідзі дадому і не вяртайся

  • 22.08.2017, 10:49

У Менску правялі акцыю супраць вучэнняў «Захад-2017».

У цэнтры Менска ў людных месцах былі расклееныя плакаты з надпісамі «Расейскі жаўнер, ідзі дамоў» і «Расейскі жаўнер, ідзі дадому і не вяртайся».

Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміў грамадскі актывіст Кірыл Васілеўскі.

«Менчукі «рады» бачыць акупантаў на вуліцах свайго горада... Прыкладна таксама, як і жыхары Прагі ў 1968», - напісаў актывіст.

Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца 14 верасня. Вучэнні пройдуць з 14 да 20 верасня на 6 палігонах: «Лепельскі», «Барысаўскі», «Лосвіда» (Віцебская вобласць), «Асіповіцкі», палігонах ВПС і войскаў СПА «Ружанскі» і «Даманаўскі» (Берасцейская вобласць), а таксама на адным участку мясцовасці паблізу населенага пункта Дрэтунь (30 км ад Полацка).

Многія беларускія і еўрапейскія палітыкі, а таксама вайскоўцы мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Апошнія навіны