BE RU EN

Размаўлялі больш за тры гадзіны: усплылі дэталі сустрэчы Суркова і Волкера ў Менску

  • 21.08.2017, 20:59

Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма.

Спецпрадстаўнік ЗША ва Украіне Курт Волкер і памочнік прэзідэнта Расеі Уладзіслаў Суркоў правялі перамовы ў Менску адносна сітуацыі на Данбасе.

Пра гэта паведаміў спікер Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, паведамляе «Радыё Свабода».

З ягоных слоў, сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма.

Мірончык таксама ўдакладніў, што перамовы доўжыліся больш за тры гадзіны. Між іншым, сустрэча пачалася а 14:00, а завяршылася пасля 17:00.

«Интерфакс» са спасылкай на дасведчаную крыніцу паведаміў, што размова адбылася ў «Прэзідэнт-гатэлі» ў цэнтры Менска, дзе звычайна праходзяць перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасу.

«Сустрэча была стрыманай, насіла хутчэй працоўны азнаямленчы характар. Бакі з павагай і ўважліва выслухалі пазіцыі адзін аднаго», - распавяла крыніца.

Пазней Суркоў заявіў, што сустрэчай задаволены і назваў яе добрай.

Паводле звестак агенцтва, паркоўку гатэля першымі пакінулі два белых пазадарожнікі Chevrolet Suburban з нумарамі амбасады ЗША, пасля чаго ад'ехалі чорныя седаны Volkswagen амбасады Расеі.

Удакладняецца, што пасля перамоў у канферэнц-залі «Прэзідэнт-гатэля» на сталах засталіся толькі чыстыя аркушы паперы.

Раней паведамлялася, што Волкер і Суркоў абмяркуюць шляхі ўрэгулявання канфлікту на Данбасе, аднак бакі паводле вынікаў перамоў заяў не рабілі.

Адзначаецца, што Волкер пасля Менска паляціць у Вільню, дзе 22 жніўня абмяркуе з урадам Літвы шляхі ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Пасля гэтага спецпрадстаўнік ЗША па Украіне дасць брыфінг, на якім можа паведаміць пра вынікі сустрэчы з Сурковым.

Апошнія навіны