BE RU EN

Супрацоўнік ДАІ перацяў праспект Незалежнасці, каб выратаваць сабаку

  • 21.08.2017, 17:19

Мянчук распавёў аб шырокім жэсце інспектара ДАІ.

«Не ведаю, хто і за што лае нашых супрацоўнікаў ДАІ, але пасля майго, хоць і сумнага знаёмства з інспектарам, я ўдзячны гэтым людзям», - сказаў мянчук Дзмітрый карэспандэнту tut.by і распавёў, як супрацоўнік ДАІ ратаваў ягонага сабаку на праспекце Незалежнасці ў Менску.

- У мінулую пятніцу мы з Веранікай (жонкай. - Заўвага.) шпацыравалі па парку Чэлюскінцаў. З сабой узялі нашага Жорыка - карлікавага пінчэра. Гэта цалкам бяскрыўдная парода, таму мы спакойна спускалі яго з ланцужка, без страху, што ён на кагосьці можа накінуцца і пакусаць, - распавёў Дзмітрый.

Муж і жонка праходзілі ля ўваходу ў парк, калі Жорык заўважыў на супрацьлеглым баку праспекта Незалежнасці Насцю - дачку Дзмітрыя і Веранікі. Сабака кінуўся да дзяўчынкі праз дарогу, наўпрост пад колы аўтамабіляў.

- Мы адразу нават не заўважылі, што ён уцёк ад нас. Але Жорык усё адно б знайшоўся - у яго на нашыйніку вісеў нумар майго мабільнага тэлефона. І тут пачуўся званок на мабільны тэлефон. «Карычневы маленькі сабака ваш? Ён трапіў пад аўто на праспекце, хутчэй прыходзьце», - паведаміў мне мужчынскі голас.

Дзмітрый і Вераніка пабеглі да дарогі. Яны ўбачылі, што інспектар ДАІ, які дзяжурыў у гэты час на дарозе, перацяў рух транспарту на галоўным праспекце сталіцы для таго, каб дастаць з-пад колаў аўто жывёліну.

- Нейкая дзяўчына прытрымлівала Жорыка пад галаву, а інспектар ДАІ сказаў, каб мы хутчэй ехалі ў ветэрынарную клініку на вуліцы Сурганава, маўляў, ён туды ўжо датэлефанаваўся і нас чакаюць. Побач стаяла таксоўка, якую спыніў даішнік, нават дзверы ўжо былі расчыненыя для нас. Праз некалькі хвілін мы прыехалі ў ветэрынарную лякарню, таксіст (я запомніў, што яго звалі Рома) нават грошай з нас не ўзяў.

Нягледзячы на тое, што сабаку хутка даставілі да ветэрынараў, гісторыя не скончылася хэпі-эндам: атрыманыя траўмы былі настолькі цяжкімі, што, нягледзячы на намаганні спецыялістаў, Жорык загінуў.

- Так ужо атрымалася...Але ўсё адно, я вельмі ўдзячны таму супрацоўніку ДАІ за ягоную неабыякавасць і спагадлівасць. Я даведаўся, што гэта інспектар ДАІ Менска Сяргей Даніловіч. Нават праз некалькі гадзін пасля аварыі ён мне тэлефанаваў і пытаўся, як сябе адчувае Жорык. На жаль, парадаваць яго не было чым...

Пасля гэтага выпадку Дзмітрый перакананы: «Даішнікі - нармальныя хлопцы, чалавечныя, нягледзячы на тое, што часам кіроўцы пра іх дрэнна адклікаюцца».

- Сам я аўтамабіль не ваджу, але мае знаёмыя, якія маюць пасведчанні кіроўцы, нічога супраць інспектараў не казалі. Так, некаторыя з іх парушаюць правілы і ім даводзіцца аплачваць штрафы. Але гэта справядліва і законна, таму скардзіцца няма на каго.

Апошнія навіны