BE RU EN

Лявон Вольскі ўпершыню за сем гадоў выступіць у Менску

  • 21.08.2017, 11:39

Вялікі сольны канцэрт легендарнага музыкі пройдзе ў верасні.

Доўгі час Лявон Вольскі не мог выступаць у Менску: канцэрты скасоўвалі адзін за адным. Апошні вялікі канцэрт знакамітага беларускага музыкі адбыўся ў 2010 годзе, а праз сем гадоў Вольскі праанансаваў сольны выступ у менскім клубе Prime Hall, піша onliner.by.

- Сябры! Мне прыемна запрасіць усіх вас на доўгачаканы канцэрт у нармальную сучасную залю ў родным горадзе. Выступы ў Менску заўсёды асаблівыя і асабістыя. Будзем граць «Белую яблыню грому» і найлепшыя песні розных часоў - два вялікіх аддзяленні, - напісаў Вольскі ў «Фэйсбуку».

«Белая яблыня грому» - знакавая праца Вольскага на вершы беларускіх класікаў. Дыск выйшаў вясной 2010-га. Праграму прэзентавалі ў Купалаўскім тэатры ў Менску і на фэсце Be2gether у Літве. У снежні 2010-га Вольскі прэзентаваў праграму ў КЗ «Менск» - гэта выступ стаў апошнім вялікім сольным канцэртам Лявона Вольскага з гуртам у Менску на гэты момант.

Сольны канцэрт Лявона Вольскага ў Prime Hall адбудзецца 21 верасня. Квіткі на яго будуць каштаваць ад 30 да 48 рублёў.

Апошнія навіны