BE RU EN

У цэнтры Рыгі знайшлі таемны тунэль КДБ

  • 20.08.2017, 14:08

Мэр горада загадаў яго канчаткова замураваць.

У цэнтры Рыгі пры рамонце на вуліцы Стабу працоўныя знайшлі тунэль. Пра гэта паведаміў мэр Рыгі Ніл Вушакоў. Бетонны таемны ход вёў у будынак, дзе да 1991 года знаходзіўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі СССР.

Тунэль вузкі, але сухі. У ім было прадугледжанае электрычнае асвятленне.

Супрацоўнік інспекцыі аховы помнікаў Яніс Асарыс мяркуе, што ход мог быць выкарыстаны для схаванай эвакуацыі чэкістаў у выпадку небяспекі.

Будынак на вуліцы Стабу ўзведзены ў 1901 годзе для здачы кватэраў у арэнду, на першым паверсе працавала крама, пад зямлёй – падвалы. У савецкі час іх ператварылі ў камеры.

Для сучаснай Латвіі КДБ – сімвал абсалютнага зла. Да будынка водзяць экскурсіі і распавядаюць як тут мучылі, прыніжалі і забівалі людзей.

Мэр Рыгі загадаў канчаткова замураваць тунэль.

Апошнія навіны