BE RU EN

Падлеткі сарвалі Каржу здымкі кліпа на Зыбіцкай

  • 20.08.2017, 13:10

Усё пайшло зусім не паводле таго сцэнара, які задумаў артыст.

У суботу папулярны беларускі выканаўца Макс Корж здымаў у Менску кліп на песню з новага альбома, які выйдзе ўвосень. Лакацыяй была абраная тусовачная Зыбіцкая. Напярэдадні спявак анансаваў здымкі роліка ў сацсетках і запрасіў менчукоў да іх далучыцца. Фанаты далучыліся, але замест таго, каб здымацца ў масоўцы, сарвалі здымкі, паведамляе tut.by.

– Гэтым летам, думаю, усе пагодзяцца што ў Менску адбываецца небывалы паводле маштабаў рух. Ёсць магчымасць захаваць гэта ў кліпе, каб яго ўбачылі далёка за межамі Менска. Таму план такі. У гэтую суботу (19 жніўня) а 20-й збіраемся ўсе на вуліцы Зыбіцкай, – напісаў напярэдадні на сваёй старонцы ў Instagram Корж.

Спявак дадаў, што запрашае хлапчукоў і дзяўчатак любога ўзросту. Пры гэтым у публікацыі было ўказана, як павінны прайсці здымкі.

– Размяркоўваемся па ўсім гэтым месцы (унізе на вуліцы бараў, і на вуліцы, якая вядзе ўверх да Ратушы). Шпацыруйце, стойце, стасункуйце, піце вадзічку, рабіце, што хочаце. Здымаем пару гадзінак, да заходу. Таксама ўсе, хто як-небудзь там забаўляе людзей (танцы, гітары) таксама вітаюцца.

На справе ўсё пайшло не паводле сцэнара. Ужо а 20-й гадзіне, калі здымачная група пачала працу, спявак звярнуў у сацсетках увагу на адну з праблемаў: «Галоўнае – не глядзець у камеру», – папрасіў ён.

ФАНАТЫ БЯГУЦЬ ЗА МАШЫНАЙ, У ЯКОЙ ЗНАХОДЗІЦЦА АРТЫСТ

Але некаторыя менчукі ўсімі спосабамі спрабавалі трапіць у кадр, а квадракоптэр, які здымаў тое, што адбываецца зверху, віталі ўзмахамі рук.

Аднак момантам, калі стала канчаткова зразумела, што здымкі зрываюцца, стаў эпізод з удзелам у здымках самога Каржа. Паводле сюжэта, машына са спеваком павінна была пракаціцца ад рэстарана «Ля Ратушы» ўніз па вуліцы Кірылы і Мяфодзія да Зыбіцкай.

ФАНАТЫ АБСТУПІЛІ МАШЫНУ З АРТЫСТАМІ

Фанатаў неаднаразова папярэджвалі: галоўнае – не бегчы за машынай. Але тыя радасна грэбавалі просьбай, здымаючы тое, што адбываецца, на мабільныя тэлефоны і робячы сэлфі на фоне машыны са спеваком. Здымачная група зняць гэты фрагмент не здолела і з пяці дубляў, і спеваку давялося спыніць здымкі.

КОРЖ ВЫЗІРНУЎ З LEXUS, КАБ СКАЗАЦЬ, ШТО ПРАДАЎЖЭННЯ ЗДЫМКАЎ НЕ БУДЗЕ

– Карацей, малыя. У мяне для вас невялікая заява, – вызірнуўшы з люка аўтамабіля, завёў размову з фанатамі артыст. – На жаль, здымкі сарваліся. Напэўна, праз сваю наіўнасць я думаў, што ў нас атрымаецца штосьці зняць. Хлопцы, мы цяпер гонім прэчкі, зычу вам поспеху, сёння адарвацца нармальна. Я думаю, у любым выпадку, я сабраў вас для важнага руху.

Здымкі на гэтым не спыніліся, але прадоўжыліся ўжо без удзелу ў іх спевака. Кліп прадоўжаць здымаць сёння ўвечары на яшчэ адной папулярнай у моладзі

вуліцы – Кастрычніцкай.

Нагадаем, што канцэрт Макса Каржа пройдзе ў «Менск-Арэне» ўжо 16 снежня.

Апошнія навіны