BE RU EN

У Нямеччыне праз падпалы адбыліся збоі ў руху цягнікоў

  • 19.08.2017, 20:10

Невядомыя ўчынілі падпалы на двух чыгуначных вакзалах у зямлі Брандэнбург.

Чыгуначныя рэйсы паміж Берлінам і Гамбургам, а таксама паміж сталіцай ФРГ і Гановерам часова прыпыненыя. Цягнікі пусцілі ў абыход праз Магдэбург, паведамілі ў суботу, 19 жніўня, у прэс-службе асноўнага нямецкага чыгуначнага аператара Deutsche Bahn. Час затрымкі ў шляху ў некаторых выпадках складае да адной гадзіны, адзначаюць у кампаніі. Збоі адзначаныя і ў руху рэгіянальных цягнікоў, паведамляе «Нямецкая хваля».

Прычынай затрымак і змены маршрутаў сталі падпалы сігнальнага абсталявання і кабеляў на вакзалах у Фалькензе на захад ад Берліна і ў Наўэне (федэральная зямля Брандэнбург). Хто стаяў за правапарушэннямі, ўдакладняецца. Следчыя не выключаюць, што злачынцы маглі кіравацца палітычнымі матывамі.

У чэрвені ў ФРГ ужо адзначаліся масавыя збоі ў працы чыгуначнага транспарту. Тады агулам былі зафіксаваныя 12 ачагоў пажару. Падазрэнне праваахоўных органаў пала на праціўнікаў правядзення саміту G20 у ліпені ў Гамбургу.

Апошнія навіны