Шродэр не змог растлумачыць запрашэнне ў раду дырэктараў «Раснафты»
- 17.08.2017, 16:57
Чаму выбар упаў менавіта на яго, былы канцлер Нямеччыны не ведае.
Увайсці ў раду дырэктараў «Раснафты» былога канцлера Нямеччыны Герхарда Шродэра папрасілі кіраўнік кампаніі Ігар Сечын і яе міжнародныя акцыянеры. Пра гэта палітык распавёў у інтэрв'ю швэйцарскай газеце Blick (пераклад - РБК).
Ці адыгрываў прэзідэнт Уладзімір Пуцін якую-небудзь ролю ў ягоным запрашэнні ў раду дырэктараў, Шродэр не ведае. «Ён не звязваўся са мной», - заявіў былы канцлер, дадаўшы, што «час ад часу» сустракаецца з Пуціным.
Журналіст газеты распавёў Шродэру аб здагадцы нямецкіх палітыкаў, што ён карысны «Раснафце» сваімі кантактамі на міжнароднай арэне, напрыклад, зможа «адкрываць дзверы» для расейскай кампаніі. На гэта былы канцлер адказаў: «Я не магу судзіць, пра што думала «Раснафта», калі запрасіла мяне».
Разам з тым Шродэр заявіў, што перакананы ў важнасці інтэграцыі Расеі агулам і яе энэргетычнага сектара ў сусветную эканоміку. «Раснафта», сказаў ён, валодае значнымі інтарэсамі ў Нямеччыне, асабліва на ўсходзе краіны.
Былы канцлер адзначыў, што доля «Раснафты» на нямецкім рынку складае 12%, на кампанію працуюць «тысячы супрацоўнікаў». Таму ён мяркуе, што ягонае прызначэнне можа пайсці на карысць супрацоўнікам «Раснафты» ў Нямеччыне.
Шродэр чакае, што ў якасці чальца рады дырэктараў кампаніі будзе наведваць Маскву чатыры разы на год, каб удзельнічаць у пасяджэннях рады. Ён распавёў, што невыканаўчы дырэктар атрымлівае $500 тысяч на год, з іх у выглядзе падаткаў трэба выплаціць 30%. Такім чынам, патлумачыў Шродэр, ён будзе атрымліваць блізу $350 тысяч за год, але з гэтых грошай трэба выплаціць падаткі яшчэ і ў Нямеччыне.
Журналіст Blick таксама папрасіў былога канцлера пракаментаваць санкцыі супраць Расеі. Той адказаў, што абмежаванні «дасягаюць задачы толькі часткова». «Я хачу дапамагчы палепшыць стасункі паміж Расеяй і ЕЗ. Але для гэтага патрэбныя высілкі з абодвух бакоў, і я хацеў бы зрабіць свой сціплы ўнёсак у гэта», - заявіў ён. Нямецкі народ, са слоў Шродэра, хоча «рацыянальных стасункаў» з Масквой.
Урад Расеі вылучыў былога канцлера ў раду дырэктараў «Раснафты» ў якасці незалежнага дырэктара 11 жніўня. Склад рады, як чакаецца, будзе абраны на пазачарговым пасяджэнні акцыянераў 29 верасня. Раней аб планах вылучыць Шродэра РБК паведаміла крыніца ў Кабінеце міністраў і пацвердзіў знаёмы Сечына.
Шродэр узначальваў назіральную раду, а пазней камітэт акцыянераў кіроўнай кампаніі газаправода «Паўночная плынь», а ў 2016 годзе ўзначаліў кіраўную раду Nord Stream-2. Ён таксама ўваходзіў у склад рады дырэктараў ТНК-BP.
Герхард Шродэр узначальваў урад Нямеччыны з 1998 да 2005 года.