BE RU EN

Сяргей Далідовіч сабраў $7 тысяч на падрыхтоўку да Алімпіяды 2018

  • 17.08.2017, 12:42

Гэта амаль палова сумы, неабходнай для падрыхтоўкі спартоўца.

За 10 дзён краўдфандынгавай кампаніі лыжнік Сяргей Далідовіч сабраў амаль палову сумы, неабходнай для падрыхтоўкі да Алімпіяды-2018, блізу 14 тысяч рублёў. Далідовіч, звольнены з Міністэрства спорту пасля 27 гадоў выступаў за нацыянальную каманду, распавядаў «Еўрарадыё», што збірае сродкі, каб даведацца, ці патрэбныя яго перамогі каму-небудзь, акрамя яго самога. Беларусы ўласным рублём даводзяць: патрэбныя! І робяць выступ на Алімпіядзе рэальным.

Палову ад сабраных сродкаў ахвяравалі спонсары, якія не пажадалі раскрываць сябе.

Куды пойдуць сабраныя сродкі?

«Пакуль я ў Беларусі, выдаткі мае простыя: бензін, каб даехаць да Раўбіч, - распавядае Сяргей Далідовіч. - А калі пачнецца падрыхтоўка да Алімпіяды, трэба будзе правесці адзін замежны высакагорны збор - блізу 2 тысяч еўраў, калі я паеду адзін. Плюс прыкладна два месяцы - 75 дзён па маіх падліках - прыйдзецца правесці ў Еўрапейскім звязе, каб, беручы ўдзел у спаборніцтвах FIS, здабыць алімпійскую ліцэнзію. Вось на гэта грошы і пойдуць. Спартовае харчаванне, экіпіроўка - на гэта ўсё я ўжо зарабіў сваім імем. За гэта плаціць не трэба».

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць чэмпіянат краіны ў лыжаролерных гонках. 17 жніўня Сяргей Далідовіч пабяжыць сваю «каронную» лыжную дыстанцыю - 15 км. Цікава, ці абгоніць 44-гадовага спартсмена хто-небудзь з тых, каго ў Федэрацыі лыжных гонак уважаюць больш годнымі паездкі на Алімпійскія гульні ў Пхенчан.

Апошнія навіны