Фотафакт: У электрычках Беларускай чыгункі вывесілі «антысеміцкія» плакаты
- 17.08.2017, 9:20
Актывісты звярнулі ўвагу на дзіўную дэталь у сацыяльнай рэкламе ад Беларускай чыгункі.
Сваім назіраннем падзялілася ў «Фэйсбуку» актывістка аапазіцыі Вольга Маёрава:
«Прашу прабачэння. Ва ўсіх габрэяў і негабрэяў. Прашу прабачэння ад сваёй расейска-татарскай асобы за вось гэты плакат БЧ.
Ён вісіць у вагонах электрычак эканом-класа, але, магчыма, і бізнэс-класа. Яго бачаць тысячы людзей. А я яшчэ і ўважліва разгледзела. Прыгледзіцеся і вы, калі ласка.
Што ляціць у сметнік? Ад чаго заклікаюць ачысціць наш з Вамі цягнік? Вы не памыліліся. Гэта зорка Давіда. Праўда, з адным адсечаным прамянём (магчыма, гэта перастрахоўка ад такіх уважлівых зануд, як я).
Але два правільных трыкутніка, накладзеныя адзін на адзін чытаюцца беспамылкова. Нехта ў рэкламным аддзеле БЧ уважае сябе самым дасціпным, хітрым і абароненым. Мне сорамна, што яго нумар праходзіць.
І калі нехта скажа, што я ўсё гэта выдумала, то а) зорка Давіда чытаецца безумоўна, б) у цывілізаванай дзяржаве недапушчальны нават цень такога падазрэння.
Або недастаткова таго гістарычнага досведу, які ўжо ёсць? Тым больш, у Беларусі, з яе шмат нацыянальным складам. Кожны мае права па-свойму ставіцца да ідэй той ці іншай сусветнай рэлігіі і ацэньваць дарэчнасць яе ідэй у 21 стагоддзі. Але выносіць гэта на публіку? Так брудна? Мне сорамна за дзяржаўную беларускую кампанію. І я яшчэ раз прашу прабачэння за яе».