BE RU EN

Канстанцін Баравы: Пуцін ужо банкрут

  • 16.08.2017, 14:59

Улады РФ выконваюць вайсковы бюджэт за кошт сацыяльна неабароненых груп насельніцтва краіны.

Расейскія ўлады скароцяць выдаткі на абарону толькі пасля правядзення выбараў прэзідэнта РФ, якія адбудуцца ў сакавіку 2018 года, заявіў у каментары gordonua.com расейскі апазіцыянер і палітычны экспэрт Канстанцін Баравы.

«Жаданні расейскіх уладаў выканаць вайсковы бюджэт сутыкнуліся з рэальнасцю. Рэсурсаў няма, РФ ужо банкрут. Ужо зразумела, што ўсё гэта робіцца ў крэдыт. Скарачаць вайсковы бюджэт да выбараў прэзідэнта нельга, бо тэхналогія захавання ўлады засталася ранейшай. Яна грунтуецца на стварэнні абароннай псіхалогіі ў выбаршчыкаў. Гэта значыць, людзей хочуць напалохаць. Усё, як падчас вайны з Грузіяй і ў пачатку вайны супраць Украіны. Выбаршчык павінен быць напалоханы да ікаўкі, каб ён прыціснуўся да ўлады і моцнага лідара ў пошуку абароны. Менавіта для гэтага падрываюцца дамы, развязваюцца войны, арганізоўваюцца «нечаканыя» тэракты, якія палохаюць простага абывацеля», - адзначыў Баравы.

З ягоных слоў, улады РФ выконваюць вайсковы бюджэт за кошт сацыяльна неабароненых груп насельніцтва краіны.

«Вайсковы бюджэт РФ скарачаецца даўно і выконваецца ў крэдыт. Кампенсаваць гэты крэдыт няма чым. Ніякіх сур'ёзных заваёў для папаўнення бюджэту краіны не прадугледжваецца. Да прыкладу, запазычанасць той жа «Раснафты» сёння складае блізу $30 млрд. Таму цяпер трацяцца грошы звычайных расейцаў. Груба кажучы, вайсковы бюджэт выконваецца за кошт пенсіянераў і іншых прадстаўнікоў неабароненай часткі расейскага грамадства. Самае галоўнае - гэта тое, што у 2018 годзе намячаецца прывядзенне ў адпаведнасць вайсковага бюджэту і абавязкаў. Але толькі пасля выбараў», - падкрэсліў суразмоўца.

Ён акцэнтаваў увагу на скарачэнні фінансавання Масквой баевікоў «ДНР» і «ЛНР».

«Наколькі я ведаю, скарачаецца таксама фінансаванне Расеяй так званых «ДНР» і «ЛНР». Менавіта з гэтым звязаныя даволі рэзкія заявы акупантаў у Данецкай і Луганскай абласцях аб тым, што Масква кідае «расейскі свет». Усе выказванні пра «Маларосію» ці «Наваросію» - гэта жаданне прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Практычна тое ж самае адбываецца і з Чачэніяй, якую Масква ўжо не ў стане фінансаваць на ранейшым узроўні. Крэдыты перавышаюць рэзервы. У першую чаргу гэта адаб'ецца на курсе рубля», - рэзюмаваў Баравой.

Як паведаміла прэс-служба Крамля, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін анансаваў скарачэнне расходаў на абарону краіны ў 2018 годзе.

Паводле звестак Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру, Расея займае трэцяе месца ў свеце ў выдатках на абарону.

Апошнія навіны