BE RU EN

Gazeta Wyborcza: Пад сховай «Захаду-2017» расейцы хочуць надзейна замацавацца ў Беларусі

  • 15.08.2017, 19:55

Вайсковыя вучэнні Расеі могуць перарасці ў поўнамаштабную вайсковую аперацыю.

- Расейскае войска рыхтуецца да самых вялікіх з часоў халоднай вайны манеўраў. Вернецца яно потым дадому або застанецца на сталай аснове ў Беларусі, будуючы сабе базу на ўкраінскай, прыбалтыйскім і польскім кірунках? - пытаецца ў сваім артыкуле для выдання Gazeta Wyborcza (пераклад - intex-press.by) польскі журналіст Вацлаў Радзівіновіч.

У вучэннях «Захад-2017», як дэкларуе Масква, павінны ўзяць удзел 12,7 тысяч Беларускіх і расейскіх жаўнераў, а таксама 680 баявых машын. Гэта не так шмат: у адпаведнасці з прынцыпамі Арганізацыі бяспекі ў супрацоўніцтве з Еўропай (АБСЕ) Расея і Беларусь не абавязаныя запрашаць на іх міжнародных аглядальнікаў. Масква сціпла анансуе, што накіруе на манеўры 3 тысячы вайскоўцаў, якія ў адпаведнасці з дэкларацыямі Міністэрства абароны будуць праводзіць вучэнні галоўным чынам у сябе, блізу заходняй мяжы Расейскай Федэрацыі, распавядае аўтар.

- На абарону і бяспеку Расея выдае 32 адсоткі свайго адкрытага бюджэту, а яшчэ ў яе маецца сакрэтны. Гэта ў 11 разоў больш, чым атрымлівае сістэма аховы здароўя, - адзначае Радзівіновіч.

- Нягледзячы на абяцанні, экспэртаў і палітыкаў вельмі хвалюе характар і маштаб самай вялікай у гэтым годзе аперацыі расейскага войска, якая будзе доўжыцца з 14 да 20 верасня. Яе камандзіры навучыліся выводзіць руцінныя дзеянні на ўзровень сапраўднай вайсковай акцыі, - падкрэслівае ён.

Так было хаця б у жніўні 2008 года, калі 58-е войска проста з каўказскіх палігонаў пайшло на Грузію. Яе часткі, як высветлілася, былі абсталяваныя на вучэннях баявымі, а не навучальнымі патронамі. Падраздзяленні мелі дастаткова шмат паліва і ўсялякіх запасаў. Дзякуючы гэтаму расейскім танкам вокамгненна атрымалася перайсці праз Роцкі тунэль (аўтадарожны тунэль праз Галоўны Каўказскі хрыбет), перш чым - а гэта не было так ужо складана - яго змаглі б знішчыць грузіны. А блакада гэтага пераходу адрэзала б расейцам шлях у Паўднёвую Асецію - грузінскую правінцыю, за якую потым вялася вайна, тлумачыць Радзівіновіч.

Намеснік кіраўніка камісіі ў абароне латвійскага Сэйма Карліс Сержанц нагадвае, што ў манеўрах «Захад» у 2013 годзе ўзялі ўдзел значна больш жаўнераў, чым дэкларавалася. І тады, і цяпер пра манеўры заяўлялі як пра вучэнні абароннага характару, якія нікому не пагражаюць. Але аднак, на думку парламентарыяў, беларускія і расейскія часці адпрацавалі тады атаку на стратэгічны Сувалцкім пярэсмыку які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці.

Падчас праведзеных яшчэ за чатыры гады да гэтага вучэнняў «Захад-2009» прымалася пад увагу ядзерная атака на Варшаву - што высветлілася ўжо постфактум, нагадвае журналіст.

- Прымітыўнай хлуснёй было тое, пра што генералы абвяшчалі перад леташнімі «штабнымі» вучэннямі «Каўказ-2016». Хоць заяўлялі, што ў іх возьмуць удзел 12,5 тысячы вайскоўцаў, як даводзяць расейскія крыніцы, у выніку іх было адпраўлена ў дзесяць, а паводле заходніх крыніцах, нават у 20 разоў больш, - дадае ён.

У сваю чаргу, летам і восенню мінулага года войска Масквы правяла паблізу ад межаў з Украінай аперацыю, якая выглядала як шырокамаштабная падрыхтоўка да лабавой агрэсіі ў дачыненні да суседа. Расейцы канцэнтравалі войскі, будавалі масты і часовыя пасадкавыя палосы. На вайсковыя рэйкі перабудаваліся рэгіянальныя і мясцовыя адміністрацыі, праводзячы пробную мабілізацыю рэзервістаў, прамысловасці і службаў забеспячэння.

- Цяпер расейскія генералы самі сябе выкрылі, неабдумана раскрыўшы тое, наколькі маштабнай будзе аперацыя «Захад-2017». На сайце кантрактаў гэтага года Міністэрства абароны з'явілася інфармацыя, што ўстанова закупіла на патрэбы войска 5 265 вагонаў для транспартавання тэхнікі і жаўнераў. 4 126 з іх павінны ехаць у Беларусь. Гэта ў 83 разы больш, чым было адпраўлена ў гэтую краіну ў 2016 годзе. І значна больш, чым трэба для перавозкі 680 танкаў, а таксама бронемашын і 3 тысяч вайскоўцаў, большасць з якіх і не павінна была ехаць у Беларусь: у адпаведнасці з дэкларацыямі камандзіраў ім было трэба ўсяго толькі трэніравацца на палігонах у Расеі, - распавядае Радзівіновіч.

- Калі прыняць за чыстую манету абвешчаны міністэрствам сціплы маштаб вучэнняў, варта было б меркаваць, што ў кожным замацаваным кантрактам вагоне ў Беларусь паедзе толькі адзін жаўнер, а бюджэт заплаціць за яго праезд больш як 3 300 даляраў ЗША, - разважае журналіст.

- Застаецца таямніцай тое, чаму расейскія генералы хочуць адправіць у Беларусь сотні эшалонаў, - дадае ён. Самі расейцы тлумачаць гэта павялічанай актыўнасцю NATO ў Балтыйскім рэгіёне. Але гэты аргумент не пераконвае. У Калінінградскую вобласць, дзе базуецца іх Балтыйскі флот і надоечы створаны 11-ы вайсковы корпус (дзве поўныя дывізіі), цягам усяго года павінны быць адпраўленыя толькі 60 вагонаў.

Балты бачаць у гэтай транспартнай актыўнасці абвяшчэнне гэтым разам сапраўднага наступу на Сувалцкі пярэсмык. Пра такую магчымасць папярэджвае сярод іншых літоўскі вайсковы экспэрт Вайдас Салжонас, які нядаўна не выключыў, што «падчас манеўраў «Захад-2017» справа можа дайсці да чагосьці такога».

Вашынгтон ужо абвясціў, што на час беларуска-расейскіх манеўраў ён умацуе свае сілы ў Літве хоць бы на батальён.

У той жа час існуе асцярога, што, хутчэй за ўсё, самыя вялікія з часоў халоднай вайны вайсковыя манеўры Масква выкарыстоўвае для таго, каб на сталай аснове ўвесці свае часткі ў Беларусь, каля яе межаў з Украінай, Балтыйскімі дзяржавамі і Польшчай.

Камандзір наземнымі сіламі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс выказвае боязь, што, увёўшы вялікія сілы ў Беларусь, расейцы застануцца там на сталай аснове.

- Ці ёсць боязь, што манеўры могуць быць траянскім канём. Расейцы кажуць, што проста праводзяць вучэнні, а потым размяшчаюць жаўнераў і вайсковую тэхніку, - заявіў генерал.

У Расеі, якая ўтварае з Рэспублікай Беларусь «саюзную дзяржаву», фармальна агульная з ёй абаронная прастора. Абедзве краіны маюць злучаную ў адно цэлае сістэму проціпаветранай абароны, тлумачыць аўтар.

Расейскія камандзіры цвёрда імкнуцца да размяшчэння ў суседа, напрыклад, палка шматфункцыянальных знішчальнікаў Су-27СМ3-24 машыны, а таксама верталётаў Мі-8. Міністр Абароны Сяргей Шайгу ўжо даўно абвяшчаў, што яны пачнуць службу ў Беларусі ў 2015 годзе. Аднак гэтую ідэю ўсё яшчэ не ўдалося ажыццявіць.

У расейцаў на тэрыторыі іх партнёраў з «саюзнай дзяржавы» ёсць толькі радыёлакацыйная станцыя «Волга» ў Ганцавічах, вузел сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» і знішчальнікі, якія выконваюць ратацыйную службу на базе ў Баранавічах.

- Тое, што яны падкінуць суседзям у 4 126 вагонах, дазволіць ім грунтоўна пусціць там карані і канчаткова падпарадкаваць іх сабе ў вайсковым плане, - рэзюмуе ў сваім артыкуле для выдання Gazeta Wyborcza польскі журналіст Вацлаў Радзівіновіч.

Апошнія навіны