Алег Воўчак: Афганцы зноў разам у барацьбе за свае правы
- 13.08.2017, 10:05
З кожным годам урад усё больш уразае сацыяльныя гарантыі ветэранам.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.
«Дзякуй усім афганцам і хлопцам з ПДВ, хто 2 жніўня 2017 г узяў удзел ва ўзнагароджанні мяне ганаровым знакам «За службу. Афган» за абарону інтарэсаў і правоў ветэранаў баявых дзеянняў, які быў зацверджаны міжнародным фондам «Баявое братэрства - без межаў». Мерапрыемства праходзіла на нашым Востраве слёз у Менску.
Вось так, мінула трыццаць гадоў, як скончыліся апошнія баявыя дзеянні ў Афганістане, але мы ў барацьбе за нашыя правы. Парадокс. Быццам бы маем статус у грамадстве, а з кожным годам урад нам памяншае сацыяльныя гарантыі, нягледзячы на тое, што ў арт.47 Канстытуцыі запісана аб асаблівым клопаце пра ветэранаў вайны.
Дайшлі да таго, што пазбаўляюць групы інваліднасці ўдзельнікаў, якія перанеслі цяжкія раненні і цудам засталіся ў жывых.
Жаўнер тэрміновай службы з Берасця Анатоль Грыцкевіч, які, атрымаўшы раненне гартані з пашкоджаннем шыі і хрыбетніка, вось ужо 7 гадоў не атрымлівае пенсіі па інваліднасці (гэта ягоная адзіная крыніца даходу), хоць да гэтага яна яму прызначалася.
Спадзяюся, што міністр абароны і іншыя зацікаўленыя структуры адновяць справядлівасць. Яму 50 гадоў і хутка могуць узнікнуць праблемы з рукамі», - напісаў праваабаронца.