Незалежная журналістка атрымала поштай два пратаколы
- 12.08.2017, 15:08
Дзяўчыне ставяць у віну працу на тэлеканал «Белсат» без акрэдытацыі.
Незалежная журналістка Кацярына Андрэева атрымала поштай два адміністрацыйныя пратаколы. Яны датычацца стрымаў, якія яна вяла з акцыі пратэсту 3 ліпеня і са святкавання дня дэсантніка 29 ліпеня. Яе абвінавачваюць у «парушэнні заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КоАП) у выглядзе супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.
Як адзначаецца ў пратаколе за акцыю 3 ліпеня, журналістка нібыта падрыхтавала відэасюжэт для «Навін» на «Белсаце», хоць такой праграмы на тэлеканале не існуе, а відэасюжэт Кацярына Андрэева не рыхтавала - яна толькі вяла стрым з мітынгу.
Кацярыне Андрэевай пагражае да 50 базавых велічынь (1150 рублёў) штрафу па кожным з пратаколаў. Дата суда пакуль невядомая.
Журналістку не ўпершыню пераследуюць за прафесійную дзейнасць, нагадвае «Еўрарадыё». Так, 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрыманая ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў ёй штраф сумаю 30 базавых велічынь за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ».
4 траўня суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы штраф сумаю 45 базавых велічынь за працу на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка.