BE RU EN

У Францыі арыштаваны падазраваны ў падрыхтоўцы замаху на Макрона

  • 3.07.2017, 19:59

Падчас допыту мужчына паведаміў, што хоча забіць Макрона з палітычных меркаванняў.

Французская паліцыя арыштавала 23-гадовага жыхара горада Аржантэя (дэпартамент Валь-д'Уаз на поўначы краіны), які пагражаў забіць прэзідэнта Эмануэля Макрона.

Аб арышце паведаміла радыёстанцыя RMC, пасля інфармацыю пацвердзіла агенцтва «Франс Прэс», паведамляе ВВС.

RMC паведамляе, што мужчына планаваў учыніць замах 14 ліпеня ў час парада ў гонар Дня ўзяцця Бастыліі. Ён напісаў пра гэта ў гульнявым чаце, дзе цікавіўся купляй аўтамата Калашнікава, неабходнага, паводле ягоных слоў, для замаху.

Акрамя таго, на сайце internet-signalement.gouv.fr было размешчана ананімнае паведамленне, у якім карыстальнік распавёў пра меркаваны замах.

Калі паліцыя прыйшла дадому да падазраванага, ён пагражаў ім кухонным нажом. У яго машыне былі выяўленыя яшчэ два нажы.

Падчас допыту мужчына паведаміў, што хоча забіць Макрона з палітычных меркаванняў. З ягоных уласных словаў, ён таксама хацеў атакаваць мусульман, арабаў, чорных, гомасэксуалаў. Падазраваны называў сябе нацыяналістам.

Затрыманы быў судзімы раней. Летась яго асудзілі на тры гады за тое, што ён выказваў захапленне дзеяннямі нарвежца Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек у 2011 годзе.

Эмануэль Макрон перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі ў сярэдзіне траўня 2017 года. Ён атрымаў большасць галасоў пасля таго, як фаварыт гонкі Франсуа Фіён страціў падтрымку выбарцаў на фоне абвінавачванняў у карупцыі.

Апошнія навіны