BE RU EN

Расейскі мядзведзь ва ўкраінскім капкане

  • 29.07.2017, 16:35

Узмацненне антырасейскіх санкцыяў ЗША значна паўплывае на жыццё расейскай эліты.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп яшчэ не падпісаў законапраект пра ўзмацненне жорсткасці антырасейскіх санкцыяў, але ў Расеі ўжо на яго адрэагавалі, выключыўшы дыпламатычную ўласнасць ЗША – лецішча ў Срэбным Бары і склады ў Маскве. Чаму адказ атрымаўся несіметрычным і што мае намер такімі дзеяннямі прадэманстраваць асяроддзе прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, "Апострафу" распавёў расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі.

– Гэта менш за ўсё падобна на Берлінскі або Карыбскі крызіс, таму што даволі дзіўная рэакцыя. Афіцыйна МЗС на сваім сайце размясціла заяву, у якой назвала прынятыя меры рэакцыяй на новы закон аб санкцыях. Але, па-першае, гэты закон яшчэ не прыняты – гэта першая такая дзіўная рэч. А па-другое, бо гэтыя меры – гэта тое, чым, як мы памятаем, [кіраўнік МЗС РФ Сяргей] Лаўроў пагражаў 29 снежня летась – ну, абсалютна сіметрычныя меры ў адносінах да таго, што распачаў [прэзідэнт ЗША Барак] Абама з расейскімі лецішчамі і расейскімі дыпламатамі (расейскія дыпламатычныя лецішчы ў Нью-Ёрку і Мэрылэндзе зачынілі ўказам Барака Абамы пра санкцыі супраць Расеі за кібератакі падчас прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, – заўв.). А цяпер раптам гэта ўспомнілі і адрэагавалі на тыя меры.

Але смешна казаць, што гэтыя лецішчы, падвалы нейкія – гэта рэакцыя на закон, які ляжыць на стале [прэзідэнта ЗША Дональда] Трампа і будзе ім падпісаны, бо паспрабаваць накласці вета – гэта палітычнае самагубства для Трампа.

Гэты закон проста надзвычайны маштабам санкцыяў. І не толькі надзвычайны, але і абразлівы для ўсяго расейскага палітычнага верху. Там шмат сектаральных мераў у дачыненні да расейскай эканомікі, пазбаўленне яе крэдытаў, тэхналогіяў. Але самы скандальны раздзел – гэта даручэнне фінансавай выведцы цягам 6 месяцаў даць звесткі пра актывы на Захадзе практычна ўсяго палітычнага верху і ўсяго атачэння Пуціна. Мне здаецца, што якраз вось гэтая вельмі хуткаспелая рэакцыя з склепамі і лецішчамі – гэта спроба не эскалацыі канфлікту, а, наадварот, як бы сігнал: "Мы хочам выйсці з гэтага абмену ўдарамі". Вось такое ў мяне складваецца ўражанне.

Яны разумеюць, што санкцыі ніхто не спыніць. Не ведаю, ці звярнулі ва Украіне ўвагу на такія падзеі, як Канферэнцыя ў бяспецы ў Аспене (Каларада, ЗША) на мінулым тыдні. Там былі ўсе, што былі з абамаўскай адміністрацыі і сённяшнія кіраўнікі сілавых структураў. З рэзкімі заявамі выступалі пра Расею. Я назваў гэта такой калектыўнай "фултанскай прамовай Чэрчыля". Гэта была аднадушная пастанова амерыканскага ваенна-палітычнага істэблішменту паставіць мяжу гэтай расейскай гібрыднай агрэсіі на ўсіх напрамках. І вось гэты закон, прыняты беспрэцэдэнтнай большасцю ў Кангрэсе ў абедзвюх палатах, адлюстроўвае пазіцыю.

Мне здаецца, гэта выклікае цяпер у Маскве разгубленасць і збянтэжанасць. Я гляджу цяпер досыць падрабязна вар'яцкія расейскія шоу: больш набліжаныя да Крамля ўдзельнікі гэтых шоу праштурхоўваюць думку, што вось нарэшце мы адказалі, адказалі вельмі разумна і не пойдзем шляхам эскалацыі і гэтак далей. Мне здаецца, што ў Маскве задумаліся, што з гэтага абмену ўдарамі ім трэба неяк выходзіць. Няма ніякіх намёкаў на тое, што нешта будзе рабіцца дадаткова ў найбліжэйшы час. Ды і што яны могуць зрабіць?

Вось яны кажуць пра нейкую сіметрыю. Якая можа быць сіметрыя? Усе расейскія кіраўнікі, пачынаючы з Пуціна, трымаюць свае мільярдныя актывы на Захадзе. Вось амерыканцы ж не трымаюць ні ў "Ашчадбанку", ні яшчэ дзе-небудзь сваю маёмасць. Таму ні пра якую сіметрыю тут казаць немагчыма. І гэты апошні закон вельмі знакавы: ён ударае ў самае адчувальнае для расейскай эліты. Гэта ж не толькі актывы. Гэта лад іхняга жыцця. Гэта адукацыя іхніх дзяцей, іхняя ўласная медыцына, жыццё жонак, палюбоўніцаў... гэта сур'ёзныя, вельмі сур'ёзныя змены ў стасунках.

Так, гэта ўжо расейскі мядзведзь трапіў ва ўкраінскі капкан – і рушыць не можа, і назад сысці не можа. Ва ўсякім разе пры гэтым фюрару. Вось сёння, маё адчуванне, што гэта яўнае імкненне большасці вярхоў выйсці з гэтага канфлікту неяк. А як магло быць інакш, калі ўсе яны цяпер пад пагрозай замарожвання і канфіскацыі іхніх актываў, не кажучы ўжо пра публічную агалоску ўсіх іхніх маёмасцяў.

Пра выхад яны ва ўсякім разе задумаліся. Вядома, ёсць і бункер, вядома, ёсць і нейкія людзі, якія прапануюць далейшую эскалацыю канфлікту. Але вось такая вельмі імгненная рэакцыя на законапраект і дзіўная ў двух сэнсах – першае, што абвешчана, што гэта рэакцыя на апошні закон пра санкцыі, а на самай справе гэта – вось той адказ, які натуральны быў бы 29 снежня, і поўная неадпаведнасць маштабу гэтага адказу маштабу санкцыяў, якія сапраўды будуць уведзеныя ў дзеянне цягам 10 дзён. Усё гэта, на мой погляд, сведчыць пра разгубленасць у Крамлі.

Апошнія навіны