Кіраўніца «Каліпса Тур» прагульвала грошы кліентаў у казіно
- 28.07.2017, 17:40
Сталічная турфірма «кінула» больш за сотню кліентаў, якія марылі пра мора.
Кіраўніца «Каліпса Тура» прайгравала грошы кліентаў у казіно, паведаміла БелТА афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
«Паводле інфармацыі следства, атрыманыя ад кліентаў грошы ўладальніца ТАА «Каліпса Тур» прайгравала ў казіно», - распавяла Юлія Ганчарова.
Як паведамлялася, кіраўніца ТАА «Каліпса Тур» была затрыманая паводле падазрэння ў махлярстве ў асабліва значнай суме. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку маніпуляцый з продажам тураў жанчына завалодала грашыма грамадзян.
З затрыманай працуюць сталічныя следчыя. Распачатая крымінальная справа паводле ч.4 арт.209 КК Беларусі па матэрыялах Кастрычніцкага РУУС Менска. Дырэктару турфірмы пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
У пачатку ліпеня ў Кастрычніцкае РУУС сталіцы звярнуліся грамадзяне і паведамілі пра тое, што ТАА «Каліпса Тур» і ЗП «Борзды Е.Г.» надаюць няякасныя турпаслугі ў выглядзе паездак у Гішпанію, Грэцыю, Егіпет, Турцыю, Чэхію, Балгарыю і Кіпр. Былі зафіксаваныя выпадкі невыканання такіх паслуг.