BE RU EN

«Я палез у кішэню па тэлефон – і ў гэты момант пачуўся стрэл»

  • 28.07.2017, 11:15

Падстрэлены міліцыяй на Новы Год мянчук распавёў суду сваю версію падзей.

У судзе Маскоўскага раёна Менска працягваецца працэс па гучнай справе. У чацвер, 27 ліпеня, некалькі гадзін дапытвалі пацярпелага міліцыянта Руслана Салаўёва, сведак. Сёння паказанні дае абвінавачаны Андрэй Гаўрош. Маладога чалавека судзяць паводле ч. 2 арт. 363 КК «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў», паведамляе tut.by.

Перад тым, як абвінавачаны пачаў даваць паказанні, суддзя пацікавілася, ці можа ён з улікам стану здароўя рабіць гэта стоячы. Ён адказаў: «Так».

- Новы год адзначалі ў мяне на кватэры, было восем чалавек. З 10 да 12-й ночы злёгку выпівалі. Пасля 12 таксама ўжывалі алкагольныя напоі, была гарэлка, - распавядае ў судзе Андрэй Гаўрош.

Усяго, з ягоных слоў, яны купілі восем бутэлек гарэлкі, сам абвінавачаны выпіў крыху менш як за бутэльку. Агляд паказаў у яго ў крыві 1,88 праміле алкаголю. Пасля шасці гадзін раніцы ў дамафон нехта патэлефанаваў.

- Па лесвіцы падняўся супрацоўнік міліцыі, прадставіўся, сказаў, што на нас паступіла скарга. Я адказаў: «У нас няма ніякага шуму». Спытаў, хто скардзіўся. Ён сказаў, яму не можна пра гэта казаць, - распавядае Андрэй Гаўрош. - Я зрабіў да яго крок і стаў левай рукой указваць уверх, таму што суседзі з тамбура не маглі паскардзіцца. Палез па тэлефон - і ў гэты момант ён ударыў мяне рукой па целе. Я стаў плячыма падаць у тамбур, каб выстаяць на месцы, схапіўся за супрацоўніка. А потым я выштурхнуў яго з тамбура, ён адышоў на два крокі, я зноў палез у кішэню па тэлефон - і ў гэты момант пачуўся стрэл. Адразу не зразумеў, што гэта было. Сталі падкошвацца ногі, упаў. Памятаю, як на лесвіцы каля ліфта знаходзіўся супрацоўнік міліцыі. У гэты момант пачуў крыкі: «Выклікайце хуткую!» - далей не памятаю.

Толькі на аперацыйным стале Гаўрош ненадоўга прыйшоў у прытомнасць, убачыў параненую нагу. На наступны дзень лекары паведамілі, што куля таксама трапіла ў спіну. У ваенным шпіталі ён прабыў 17 дзён, затым яго перавялі ў СІЗА. Абвінавачаны некаторыя моманты той ночы не памятае, ён сапраўды не мог успомніць: пацярпелы Салаўёў прыходзіў да яго дадому ці нехта іншы. Запомніў толькі, што супрацоўнік міліцыі быў ніжэй за яго ростам.

- Чаму ў вас такая выбарчая памяць? - удакладніла пракурорка Алена Крупеніна.

- Можа, алкаголь. Мы там змешвалі (рабілі кактэйлі), - адказаў Гаўрош.

Аказваецца, калі ён ляжаў у ваенным шпіталі, да яго падыходзілі супрацоўнікі ЖЭС. За тое, што ў навагоднюю ноч кампанія шумела, Гаўроша аштрафавалі на 350 рублёў. Ён з гэтым рашэннем не пагадзіўся, абскардзіў, але яго довады не былі пачутыя.

- Віну не прызнаю, - яшчэ ў першы дзень судовага працэсу заявіў Андрэй Гаўрош.

Абвінавачанаму 29 гадоў, жанаты, мае вышэйшую адукацыю, да затрымання працаваў на «Кераміне». Паводле версіі следства, у навагоднюю ноч п'яны Гаўрош напаў на супрацоўніка міліцыі, спрабаваў завалодаць яго табельнай зброяй, таму 23-гадовы сяржант Руслан Салаўёў быў вымушаны страляць. Усяго прагучала тры стрэлы: Гаўроша паранілі ў ногі і спіну.

Адразу пасля трагедыі міліцыянт казаў пра тое, што было два стрэлы. Першы пайшоў у бок паштовых скрынь. Але ўжо праз некалькі дзён пацярпелы успомніў: ён усё ж такі стрэліў тройчы.

- Папераджальнага не было. Першы раз стрэліў у нагу, каб нанесці меншы шкоду абвінавачанаму, - распавядаў у судзе Руслан Салаўёў.

Астатнія два стрэлы прагучалі падчас бойкі.

- Я цягнуў пісталет да сябе, а ён да сябе. Увесь час трымаў мяне за руку, не адпускаў, таму яна хадзіла ўверх-уніз, - тлумачыў у судзе сяржант міліцыі.

Ён адразу агаварыў: маральную шкоду з абвінавачанага спаганяць не будзе, але просіць аплаціць 87 рублёў за сапсаванае форменнае абмундзіраванне.

Пасля яго допыту ў зале суда з'явілася кампанія, якая адпачывала ў навагоднюю ноч у кватэры Гаўроша. Амаль усе пары сямейныя. Маладыя людзі настойвалі: яны не вельмі шумелі, калі прыйшоў сусед і папрасіў зрабіць музыку цішэй, яны тут жа выключылі калонкі. Усяго ў навагоднюю восем чалавек выпілі чатыры-пяць бутэлек гарэлкі і адну бутэльку шампанскага.

Са звестак, якія сталі вядомыя ў судовым працэсе, у аднаго хлопца было 0,7 праміле алкаголю, яшчэ адзін сябар Гаўрош быў абсалютна цвярозы, у дзяўчыны выявілі - 0,4 праміле. Раней Следчы камітэт заяўляў, што ў самога абвінавачанага было 2 праміле алкаголю ў крыві.

- Андрэй з усіх нас быў самы цвярозы. Ён па жыцці спакойны і неканфліктны чалавек, калі вып'е, то становіцца больш гаваркім. Гэта за гранню, што ён мог напасці на супрацоўніка міліцыі. Ніколі раней канфліктаў з праваахоўнымі органамі не было, мы заўсёды думалі: наша міліцыя нас беражэ, - распавядалі сведкі.

Гаўрошу выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 363 КК «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Калі віна менчука Андрэя будзе даказаная, то яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны