BE RU EN

Пра што трэба памятаць «дзядзьку Мішу» з Гуцарыеўска

  • 28.07.2017, 10:43

Расейскі алігарх Міхаіл Гуцарыеў узяўся ўзводзіць «горад-сад» у Любанскім раёне.

Пад райцэнтрам сябар Аляксандра Лукашэнкі, празваны з яго лёгкай рукі «дзядзькам Мішам з Масквы», будуе горна-абагачальны комплекс, абяцаючы зрабіць Любань «горадам калійшчыкаў», піша gazetaby.com.

Будоўля ў самым разгары. І да 2020 года яе гаспадар абяцае паказаць беларусам самую сучасную і эфектыўную вытворчасць.

Усё тут выдатна. Мясцовае кіраўніцтва ўжо мяркуе, як расквітнее іх горад, а Аляксандр Лукашэнка не то жартам, не то зусім сур'ёзна нават паабяцаў перайменаваць Любань у Гуцарыеўск.

- Горад стане больш багатым і да гэтага трэба рыхтавацца, каб людзі не пабеглі ў Расею ці Польшчу за шмоткамі і пакінулі там грошы. Я ўжо казаў Гуцарыеву, што калі створыш Любань як цукерку, мы яе пераназавём у Гуцарыеўск, - заяўляў кіраўнік Беларусі два гады таму.

Каб зрабіць гэтую «цукерку» легкатраўнай для ўсіх, у якасці грамадска-карыснай нагрузкі Аляксандр Лукашэнка даручыў «Слаўкалію» падцягнуць і інфраструктуру самога горада. Работы кіпяць: ужо восенню за грошы адной з кампаній Гуцарыева тут пабудуюць 40-кватэрны арэндны дом, інтэрнат для работнікаў, узвядуць чыгунку.

Як распавялі журналістам на «Слаўкаліі», паколькі будуе ўсё сябар Аляксандра Лукашэнкі, то работы пастаянна кантралююць сябры ўрада і памочнікі кіраўніка. Кажуць, яны асабіста прыязджаюць на аб'ект.

Яно і зразумела. Будоўля Гуцарыева - гэта не нейкая бальніца ў Мёрах, якую не могуць дабудаваць ужо 25 гадоў...

Зрэшты, Робін Гуд з Міхаіла Сафарбекавіча наўрад ці атрымаецца. Прынамсі, нешта не чуваць пра ягоныя грандыёзныя дасягненні на ніве ўзняцця эканомікі Расеі. Смеем выказаць здагадку, што і беларусаў у якасці ашчасліўленых расейскі алігарх абраў не таму, што ў роднай краіне ўжо ўсіх ашчаслівіў.

Мабыць, менш за ўсё «дзядзька Міша з Масквы» думае аб тым, як пабудаваць тут горад-сад. Для яго Беларусь - гэта ўсяго толькі тэрыторыя, з якой можна ссекчы бабкі, дзякуючы асаблівай набліжанасці да "цела". Небывалыя прэферэнцыі і асабістыя гарантыі "сябра" робяць гэты «кавалак зямлі» найбольш прынадным - такім, якім ён ніколі не стане для іншых інвестараў, якія прыйшлі сюды на агульных падставах.

Што ж тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, то для яго Гуцарыеў - таксама чалавек ва ўсіх адносінах карысны. Нагружаючы алігарха «грамадска-карысным будаўніцтвам» пад эгідай клопату пра насельніцтва, кіраўнік з вялікім задавальненнем перакладае на яго тое, што, па сутнасці, павінен рабіць сам. А так і ваўкі сыты і авечкі цэлыя.

Але ў гэтай сітуацыі расейскаму мільярдэру не варта расслабляцца. Сяброўства з алігархамі ў нашай краіне мае асаблівую спецыфіку. Не паспееш азірнуцца - і ўжо твой «горна-абагачальны комплекс» будуе нехта іншы. А бывае і таго горш. Гуцарыеў у свой час атрымліваў такое «сяброўскае прывітанне» з недвухсэнсоўным намёкам. Яшчэ ў 2011 годзе Лукашэнка, распавядаючы пра перамовы па куплі «Беларуськалія», дзяліўся з журналістамі:

- Не, хочуць купіць за 15 некаторыя вашы алігархі. Не, кажу, да пабачэння, хлопцы. Некаторыя здурнелі і прапанавалі аднаму багатаму расейскаму чалавеку, што ўваходзіць у маё кола - схадзіце і прапануйце: 10 мільярдаў плацім і 5 - яму (Лукашэнку), куды скажа. Ён прыйшоў да мяне, даўно мяне ведае, прасіў прабачэння... Я яму: Міша, я табе не буду апранаць кайданкі, але больш з такімі ідэямі не прыходзь.

А ўжо тое, што пры неабходнасці кіраўнік Беларусі цырымоніцца не стане, сумнявацца не даводзіцца.

Увогуле, у цяперашняй грандыёзнай будоўлі абодвум бакам не варта моцна разлічваць адзін на аднаго. Дружба "па паняццях" - справа рызыкоўная і непрадказальнае. Праблема толькі ў тым, што расхлёбваць наступствы гэтага сяброўскага шабашу давядзецца нам з вамі.

Апошнія навіны