BE RU EN

Высланы з Беларусі блогер Лапшын папрасіў аб экстрадыцыі ў Ізраіль

  • 26.07.2017, 19:03

Блогер, прысуджаны ў Азербайджане да трохгадовага турэмнага зняволення, мае намер дамагацца экстрадыцыі ў Ізраіль.

Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс» ягоны адвакат Эдуард Чарнін.

«Лапшын адмовіўся падаваць апеляцыю. Ён звярнуўся ў ізраільскае пасольства ў Баку з просьбай дамагацца ягонай экстрадыцыі ў Ізраіль», - сказаў Чарнін.

Мінюст Азербайджана выказаў гатоўнасць абмеркаваць магчымую экстрадыцыю Лапшына ў Ізраіль.

«Зварот Аляксандра Лапшына можа быць разгледжаны пасля ўваходжання ў дзеянне вынесенага ў яго дачыненні прысуду», - сказаў начальнік управы правоў чалавека і сувязяў з грамадскасцю міністэрства юстыцыі Азербайджана Фаіг Гурбаноў.

Бакінскі суд 20 ліпеня прыгаварыў Лапшына да трох гадоў турэмнага зняволення. Паводле пастановы суда, Лапшын будзе адбываць зняволенне ў турме агульнага рэжыму.

Лапшын быў затрыманы 16 снежня 2016 года ў Менску на запыт Азербайджана, бо ён уключаны ў «чорны спіс» за наведванне Нагорнага Карабаха без узгаднення з азербайджанскімі ўладамі. Такім асобам забаронены ўезд у Азербайджан.

Тым не менш, у чэрвені 2015 года блогер свядома заехаў у Азербайджан праз Грузію з украінскім пашпартам дзякуючы розніцы правілаў правапісу ў дакументах.

Лапшын не прызнаў на працэсе сябе вінаватым паводле вылучаных супраць яго абвінавачанняў.

Апошнія навіны