Cамыя адметныя фатаграфіі фестывалю «Наш Грунвальд»
- 24.07.2017, 16:59
Пад Дудуткамі войскі ВКЛ і Польшчы зноў распляжылі тэўтонцаў.
Фэст сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд» адбыўся ў Дудутках на выходных 22-23 ліпеня. Падзеі Грунвальдскай бітвы аднаўлялі больш за паўтысячы аматараў-рэканструктараў. «Белсат» пабываў у сярэднявечным горадзе, паназіраў за гістарычнай бітвай і падрыхтаваў вялікі фотарэпартаж.
Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і хаўрусным польска-літоўскім войскам. Тэўтонцы былі разбітыя, большасць крыжакоў рыцараў забіта або ўзятая ў палон. Перамога ў Грунвальдскай бітве ўзняла літоўска-польскі звяз на вышэйшыя пазіцыі сілы і аўтарытэту ў Еўропе.
Польска-літоўскім войскам на поле бою камандаваў Вялікі князь літоўскі Вітаўт. З боку тэўтонцаў яму супрацьстаяў вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген, які страціў у бітве жыццё.
Рэканструктары ў ролі лучнікаў-татараў і іншых лучнікаў, якія змагаліся на баку ВКЛ і Каралеўства Польскага з крыжакамі, абстрэльваюць тэўтонскіх рыцараў у абарончых збудаваннях.
Рыцар-рэканструктар праломвае агароджу абарончых збудаванняў Тэўтонскага ордэна падчас рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы ў музейным комплексе «Дудуткі».
Войскі ВКЛ і Польшчы атакуюць войскі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў падчас рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы на міжнародным фестывалі сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд -2017».
Прарыў у абарончыя збудаванні Тэўтонскага ордэна з боку войскаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Рэканструктар у ролі Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, забітага падчас бітвы пад Грунвальдам. Блізу 8 тысяч тэўтонскіх ваяроў былі забітыя ў Грунвальдскай бітве і яшчэ 14 тысяч былі ўзятыя ў палон. Тэўтонскі ордэн так і не змог аднавіць свае сілы пасля паразы і надоўга сцішыўся ў сваіх вайсковых дзеяннях.
Пасля бітвы на фэсце адбыўся баль пераможцаў. Удзельнікі гулялі ў сярэднявечныя гульні, скакалі на канцэртных пляцоўках, частаваліся стравамі часоў Грунвальду.