BE RU EN

Скульптар з Беларусі перамог у конкурсе праектаў помніка Скарыну ў Кішынёве

  • 24.07.2017, 10:26

Прафесійнае журы прызнала ягоную заяўку найлепшай з дзевяці прэтэндэнтаў.

Пераможцам конкурсу эскізных праектаў помніка-бюста Францыска Скарыны ў малдаўскай сталіцы Кішынёве стаў менскі скульптар Генік Лойка.

Ягоную заяўку прафесійнае журы прызнала найлепшай з 9 прэтэндэнтаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Конкурс у траўні абвесціла Міністэрства культуры Беларусі, ягонай мэтай з'яўляецца ўвасабленне найбольш выразнага вобраза беларускага першадрукара.

Згодна з патрабаваннямі арганізатараў, кампазіцыйнае і пластычнае выкананне павінна быць зробленае ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва.

Ад пачатку на працу (з улікам выкарыстанага матэрыялу) прадугледжвалася выдаткаваць не больш за 150 тысячаў рублёў. Аднак у працэсе сума была зменшаная ў 10 разоў.

Паводле словаў Геніка Лойкі, помнік будзе ўсталяваны ўжо восенню ў скверы насупраць будынка амбасады Беларусі ў Малдове.

Апошнія навіны