Актывістка Femen Анжаліка Дыяш: Лукашэнка – здраднік народа і дыктатар
- 23.07.2017, 8:37
Анжаліна распавяла, што падштурхнула яе на радыкальны ўчынак.
Анжаліна Дыяш – актывістка, якая 21 ліпеня агаліла грудзі з надпісам «Жыве Беларусь» на сустрэчы Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Кіеве. Дзяўчыну ноч трымалі ў паліцыі і вызвалілі толькі ўвечары 22 ліпеня пад падпіску аб нявыездзе. Анжаліна распавяла nn.by, што падштурхнула яе на радыкальны ўчынак.
– Дзе Вы цяпер, як Вы?
– Я нарэшце на волі. Учора мяне 2 гадзіны трымалі ў Адміністрацыі, потым у аддзяленні паліцыі вельмі доўга не пускалі адваката. Не ведалі, што са мной рабіць, задавалі нейкія пытанні... У прынцыпе, са мной паводзіліся нармальна, не было ніякага гвалту. Але псіхалагічна было цяжка.
– Вы гатовыя былі правесці ноч у паліцыі?
– Не, што я буду начаваць у паліцыі, я не думала і не чакала.
– А што з фэйкавым пасведчаннем журналісткі? Вы зрабілі яго самі ці адкуль яно?
– Я на гэтую тэму не даю каментароў.
– Вашай мэтай быў пратэст непасрэдна перад Лукашэнкам? Чаму?
– Вядома, у Лукашэнкі, але не толькі перад ім – гэта быў пратэст перад украінцамі, перад усімі.
Лукашэнка – ён здраднік народа, дыктатар. Беларускі народ – паднявольны ва ўласнай дзяржаве: мільён абмежаванняў... дыктатараў увогуле быць не павінна ў свеце. Я супраць дыктатуры заўсёды была і буду.
– А вы самі былі ў Беларусі?
– Так. Гады тры-чатыры таму ў Гомелі. Была там паводле справаў, звязаных з працай.
– І як уражанні?
– Мяне ўразіла, што ў вас ноччу горад проста памірае.
– А чым Вы ўвогуле займаецеся? Чым зарабляеце?
– Выкладаю ангельскую – паводле адукацыі я выкладчыца. Займаюся здымкамі – здымаюся, здымаю сама... займаюся рознай творчай працай.
– Нярэдка кажуць, што FEMEN плацяць грошы актывісткам.
– Гэта хлусня, ніхто грошы не плаціць. Я рабіла гэта не за грошы. Мой учынак звязаны з маімі перакананнямі.
– Вы з 2009 года ў FEMEN – гэта значыць фактычна з 18 гадоў?
– Упершыню я пачула пра іх яшчэ ў сваім родным горадзе, у Хмяльніцкім. Я заўсёды змагалася з несправядлівасцю. І потым проста далучылася да жаночага руху, каб прадаўжаць гэтую барацьбу.