BE RU EN

Чаму ў Барысаве «ўзбунтаваліся» міліцыянты?

  • 22.07.2017, 9:00

Адмова мясцовых інспектараў Барысаўскага РУУС працягваць службу ў міліцыі выклікаў вялікі розгалас.

Нагадаем, тры маладыя афіцэры пасля безвыніковых спроб сысці спакойна звярнуліся да надзвычайнага сродку - перасталі выходзіць на працу. Мяркуючы з раптоўнага знікнення на гэтым тыдні з пераліку барысаўскіх мясцовых інспектараў на сайце Менскага УУС трох імёнаў - Ігара Сярмяжкі, Яўгена Галькевіча і Сяргея Арлёнка - «бунтары» ўжо звольненыя з органаў.

Што прывяло іх да гэтак радыкальных змен на жыццёвым шляху?

Сваім меркаваннем з ex-Press.by на ўмовах ананімнасці падзяліўся пенсіянер МУС, былы палкоўнік міліцыі:

«У міліцыі ёсць розныя падраздзяленні, якія самі міліцыянты ацэньваюць паводле сваіх крытэраў. Элітныя падраздзяленні: «белыя каўняры» - БЭЗ (барацьба з эканамічнымі злачынствамі - аўт), «шляхетная костка» - вышук. А мясцовы інспектар - гэта, зазвычай, самая брудная, самая няўдзячная праца. Інспектары - гэта тыя, хто за ўсіх адказвае. І начальства, што пытае з іх, занадта шмат. На мой погляд, мясцовы інспектар - гэта этап для прасоўвання далей. І гэты этап лепш праскокваць хутчэй. Нездарма ўсё міліцэйскае кіраўніцтва выхваляецца тым, што працаваў мясцовым інспектарам - паўгода, год. Гэта сведчанне таго, што чалавек па-сапраўднаму ведае працу ў міліцыі.

Раней крадзяжамі, напрыклад, займаўся адразу крымінальны вышук. Цяпер крадзяжы на дзялянцыу апісваюць мясцовыя інспектары. Ім жа - паказчыкі дай, за выкрывальнасць адкажы, на масавых акцыях будзь. Усё залежыць ад таго, які сэктар - якія там людзі жывуць, які кантынгент. Мясцовы інспектар - гэта чалавек асаблівых уласцівасцяў - арганізаванасць павінна быць капітальная. Паспець на часе ўсё зрабіць, што належыць, не кожны здатны.

У Барысаве велізарная структура. Раённы і гарадскі аддзел аб'ядналі, і пачаліся праблемы. Там, напэўна, 60 дзялянак, у тым ліку сельскія. І нікога, вядомая рэч, псіхалагічны стан, сямейныя праблемы міліцыянта не цікавяць.

Думаю, гэтых хлопцаў не звальнялі, бо цягнулі паказчыкі - усё ж такі паўгода сканчалася, вынікі падрахоўвалі, нельга было паказаць, што вакансіі пустуюць. А выйшла горш. Інспектары маюць адны з самых высокіх заробкаў у міліцыі, але ўтрымлівае гэта мала каго».

Да нядаўняга часу пералік мясцовых інспектараў на сайце УУС Менскага аблвыканкама разам з вакансіямі налічваў 57 пазіцый, на сённяшні дзень - 55. Насельніцтва Барысаўскага раёна сёння складае 180,9 тысячы чалавек. Такім чынам, у сярэднім на кожнага інспектара прыпадае больш за тры тысячы жыхароў раёна. У горадзе - больш за чатыры тысячы, у сельскай мясцовасці - больш за дзве тысячы чалавек.

Тэрыторыяй Барысаўскі раён самы вялікі ў краіне - 987,6 квадратных кіламэтраў.

Апошнія навіны