Максім Філіповіч: Мне ўсё казалі, што гэта справа занікне
- 21.07.2017, 20:21
Суд спалохаўся розгаласу вакол сітуацыі з абсурднай справай супраць блогера.
Сёння адбыўся суд над Максімам Філіповіч, дзе яго абвінавачвалі ў тым, што "фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, у фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь". Еўрарадыё паразмаўляла з ім падчас перапынку пасяджэння:
- Мне ўсе казалі, што гэта справа занікне, не дойдзе да суда, але я заставаўся пры сваім меркаванні: што не занікне, што дойдзе да суда.
Мне не спадабалася стаўленне суддзі да людзей. Са мной ён не груба размаўляў, а вось з іншымі сабе такое дазваляў, вельмі груба казаў, падвышаў голас. У мяне было восем хадайніцтваў, і практычна ўсе яны былі адхіленыя. Я мяркую, што яны былі абгрунтаваныя. Напрыклад, самае элементарнае першае хадайніцтва - аб відэаздымцы ў зале пасяджэння, на што суддзя сказаў - гэта законам забаронена.
Калі разбіраюцца мае справы, то заўсёды даюць маленькія залы. Людзі ледзь не на каленях адзін у аднаго сядзяць. Яны ведаюць, што калі гэта Філіповіча, то будзе шмат людзей, а вось іншым, дзе чалавек 5-10 прыходзіць, вось там даюць велізарныя залы.
Было нечакана, калі экспэрт стаў на наш бок. Я бачыў, што нават суддзя здзівіўся, калі ён устаў і сказаў, што youtube-канал трактаваць як СМІ нельга і што нельга прызнаваць Філіповіча СМІ. Што гэта будзе супярэчыць закону. Суддзя нават змяніўся ў твары.
Яны рабілі запыты ў падатковую, што я, маўляў, атрымліваю даход са свайго канала. Ну так, я ў 2016 годзе атрымаў 100$ з партнёркі. Ну дык, я ўзяў і заплаціў з іх падатак - 13%, усё аформіў як мае быць.
Ніякіх сведак са стараны абвінавачвання не было. Я агучваў хадайніцтва, каб запрасілі для дачы сведчанняў супрацоўніка міліцыі, які склаў пратакол, але мне ў ім адмовілі. Мне вельмі хацелася пачуць, чаму ён трактуе закон так, як ён хоча, а не як гэта дыктуе Канстытуцыя і тлумачаць экспэрты.
Пасля таго, як выказаўся экспэрт, мне здаецца, што ў іх больш няма варыянтаў, акрамя як вынесці апраўдальны прысуд. Інакш гэта будзе такі рэзананс, і яны, напэўна, гэта разумеюць.
Экспэрт аблвыканкама Павел Барысаў на судзе паведаміў, што відэаканал Філіповіча "Гарантый няма" на Youtube нельга залічыць да СМІ і рэгістрацыя такіх каналаў законам не прадугледжаная. Гомельскі суд спыніў адміністрацыйную справу супраць блогера Максіма Філіповіча ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння.