BE RU EN

Заіка: Гарэлка і бюджэт павінны быць аддзеленыя адно ад аднаго

  • 20.07.2017, 9:32

Да чаго прывядзе павышэнне ў Беларусі акцызаў на моцны алкаголь?

У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што ў Беларусі трэба павышаць акцызы на моцныя спіртовыя напоі.

Намеснік дырэктара медыцынскай часткі РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык адзначыў, што пры змене суадносінаў акцызаў на моцны алкаголь і піва з 1 на 1,3 да 1 на 5 беларусы будуць менш піць моцнае спіртное.

Што думаюць эксперты пра наступствы такога кроку, піша «Заўтра тваёй краіны».

Эканаміст: У нас ва ўрадзе жывуць адным днём – пакуль не звольнілі

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе, што падвышэнне коштаў на моцны алкаголь станоўчых зменаў не прынясе.

– Думаю, гэтая паўночна-еўрапейская мера нам не дапаможа. Нашы людзі жывуць у бетонных клетках чатыры кватэры на адным паверсе і співаюцца ад бессэнсоўнасці жудаснага існавання. Трэба не кошт павышаць, а стварыць варункі і ўпрошваць людзей, каб яны бралі зямлю для будаўніцтва дамоў і адкрывалі сваю справу. Калі ў чалавека ёсць свой бізнэс, у яго няма часу піць, – кажа Леанід Заіка.

Намеснік дырэктара медыцынскай часткі РНПЦ псіхічнага здароўя сказаў, што пры рэзкім павышэнні акцызу ў Францыі знізіліся паступленні ў бюджэт. Леанід Заіка не выключае паўтарэння падобнай сітуацыі ў Беларусі.

– У СССР меркавалася антысавецкай выхадкай, калі эканаміст заяўляў, што бюджэт прыкладна на траціну складаецца з прыбыткаў ад продажу гарэлкі. З тых часоў мала што змянілася. Кошт пустой бутэлькі і кошт вадкасці ў ёй не моцна вялікія ў параўнанні з акцызам, – звяртае ўвагу Леанід Заіка.

Пры гэтым эксперт мяркуе, што бюджэт не павінен залежаць ад продажаў алкаголю.

– Гарэлка і бюджэт павінны быць аддзеленыя адно ад аднаго. Ніякі бюджэт не апраўдвае п'янства, злачынства, нараджэнне хворых дзяцей. Трэба думаць не пра бюджэт, а пра здароўе чалавека. Але ў нас ва ўрадзе жывуць адным днём, пакуль не звольнілі, – кажа Леанід Заіка.

Медык: Ёсць краіны, дзе квітнее піўны алкагалізм

Дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) Алег Айзберг адзначае, што аналагічныя меры ў павышэнні коштаў на моцны алкаголь ужываюць скандынаўскія краіны.

– І там гэтая мера, а таксама абмежаванне продажу алкаголю ў часе паспрыялі таму, што людзі сапраўды сталі піць менш. Павышэнне коштаў на моцны алкаголь можа прывесці да станоўчых наступстваў і ў Беларусі, – мяркуе Алег Айзберг.

Што тычыцца павелічэння суадносінаў акцызаў на моцны алкаголь і піва, то эксперту складана даць адназначны адказ на пытанне, што лепш для здароўя чалавека.

– Здароўе залежыць, перш за ўсё, не ад характару напою, а ад агульнай колькасці спажытага спірту. Напэўна, імавернасць развіцця залежнасці пры ўжыванні моцных напояў усё-такі вышэйшая. Я ўжо не кажу пра імавернасць алкагольнага атручвання. Але, з іншага боку, ёсць краіны, дзе квітнее піўны алкагалізм, – адзначае дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі БелМАПА.

Апошнія навіны