BE RU EN

Раённыя чыноўнікі кінуліся набываць службовыя аўто

  • 18.07.2017, 18:45

Чыноўнікі змарнавалі амаль паўмільёна даляраў на новыя аўтамабілі.

Як заўважыла «Еўрарадыё», у апошнія месяцы сярод райвыканкамаў адбываецца бум на закупку аўтамабіляў. Больш за 20 тэндэраў, у большасці гэта Geely (Камянецкі, Іваноўскі, Крупскі, Брагінскі, Сенненскі, Дубровенскі, Свіслацкі райвыканкамы), якія цяпер лічацца машынамі «беларускай» вытворчасці. Навошта раённаму начальству новыя аўто? І што здарылася з іх старымі аўтамабілямі? Няўжо на працу цяпер пешшу?

Іванаўскі райвыканкам набывае Geely Emgrand X7, таму што іх стары аўтамабіль ужо развальваецца на часткі, а наперадзе ўборачная: "Цяпер трэба ездзіць па палях, вазіць аграномаў, спецыялістаў, заатэхнікаў, ды і начальства, — распавядае адказная за закупкі Жанна Грынь. — Дагэтуль у нас быў "Ховэр" (пазадарожнік кітайскай вытворчасці Hover H3), які нам перадалі ў гаспадарку. Але ён зламаўся і па цане атрымлівалася, што адрамантаваць яго не танней, чым купіць новы аўтамабіль".

Галоўны бухгалтар Іванаўскага райвыканкама Таццяна Васільеўна пра закупку новых аўтамабіляў: "Гэта ўсё канфідэнцыйная інфармацыя, на ўсё ёсць дакументы. Грашыма бюджэтнымі мы не раскідваемся, у нас іх няма". Тым часам інфармацыя з сайта дзяржзакупак гаворыць аб тым, што Іванаўскі райвыканкам толькі ў 2017 годзе набыў дзве машыны Geely сукупна за 70 тысяч рублёў, а дагэтуль праводзіў тэндары на закупку аўтамабіляў у 2013 і 2014 гадах. Бюджэтнымі грашыма тут не раскідваюцца.

Ельскі райвыканкам для ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання вырашыў набыць легкавы аўтамабіль за 34 тысячы рублёў. Чым выкліканая такая патрэба, распавядае кіраўніца справамі Валянціна Аўраменка: "Папярэдні аўтамабіль ужо не ездзіць. Тэрмін яго эксплуатацыі выйшаў даўным-даўно. Усё, што мы закупляем, — гэта патрэба райвыканкама і раённага савета дэпутатаў. У нас на тое ёсць грошы. І мы ўсё робім строга па ўказе". Ельскі райвыканкам праводзіў тэндары на закупку аўтамабіляў у 2013 і 2014 годзе. А таксама знакаміты тым, што ў 2012 годзе паспрабаваў са скандалам набыць "Туарэг" для патрэб райвыканкама за 73 тысячы даляраў.

Самы танны аўтамабіль набывае Ашмянскі райвыканкам, там нават з маркай не вызначыліся, ведаюць толькі цану — 19 тысяч рублёў.

"Знос нашага старога аўтамабіля — вось асноўная прычына закупкі новага,— дакладвае прадстаўнік райвыканкама Марына Міхневіч. — У нас быў Мэрсэдэс-бэнц, але ён перавысіў адведзены ліміт у восем гадоў і ўжо быў непадлеглы рамонту, пайшоў на спісанне".

Чачэрскі райвыканкам набывае адразу два аўтамабілі (у суме за 56 тысяч рублёў): "Рэч у тым, што нашы аўтамабілі вычарпалі ліміт амартызацыі на сто адсоткаў, — тлумачыць галоўны спецыяліст сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачы Алена Гінзбург. — Аўтамабілі, якія мы замянілі, былі 2001 года выпуску. Гэта быў мэрсэдэс, ён вельмі дарагі ў абслугоўванні. Рамонт быў немэтазгодны, атрымліваліся вялікія выдаткі і прасцей было ўжо купіць новыя. Таму з дазволу аблвыканкама мы набылі два аўтамабілі. А стары мэрсэдэс… перадалі бюджэтнай арганізацыі".

У 2014 годзе Чачэрскі райвыканкам сапраўды выстаўляў тэндэр на рамонт свайго мэрсэдэса. Рамонт каштаваў амаль што 7 тысяч даляраў! Відавочна, што яны ўсё ж надумалі ад яго пазбавіцца.

У выніку ўсе тэндэры выходзяць на суму амаль 800 тысяч рублёў. Амаль што паўмільёна даляраў на новыя аўтамабілі! І усё гэта ў межах закона.

Апошнія навіны