BE RU EN

Трое з пяці дэпутатаў дэлегацыі Еўрапарламента належаць да прарасейскіх рухаў

  • 18.07.2017, 11:06

18–19 ліпеня ў Менску будзе знаходзіцца дэлегацыя Еўрапарламента.

На чале яе – паляк Богдан Здраеўскі, які ўваходзіць у фракцыю Еўрапейскай народнай партыі. Але, што цікава, трое з пяці ўдзельнікаў дэлегацыі належаць да прарасейскіх партыяў краінаў Балтыі, піша nn.by.

У дэлегацыю ўваходзяць Таццяна Жданок з Латвіі – яна ўваходзіць у фракцыю Зялёных, але ў Латвіі займала радыкальныя прарасейскія пазіцыі ў рамках руху «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» (ЗаПЧЕЛ).

Яшчэ адзін чалец дэлегацыі – таксама з Латвіі, Андрэй Мамыкін з левацэнтрысцкай партыі «Згода», якая прадстаўляе інтарэсы пераважна расейскамоўнага насельніцтва.

А дэлегат Вальдэмар Тамашэўскі – з Выбарчай акцыі палякаў Літвы. Яе структура ажыццяўляе дзейнасць у звязе з арганізацыямі расейскамоўнай меншасці і мае няпростыя стасункі з уладамі Літвы.

Пяты ўдзельнік дэлегацыі – хрысціянскі дэмакрат з Нямеччыны Міхаэль Галер.

Дэлегацыя правядзе сустрэчы ва ўрадзе і «парламенце», а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Еўрапарламент не мае прамога ўплыву на пастановы краінаў ЕЗ або штодзённую дзейнасць Еўракамісіі, але мае значную кансультацыйную і сімвалічную ролю.

Апошнія навіны