BE RU EN

Валютныя «заначкі» беларусаў памяншаюцца

  • 18.07.2017, 9:21

Квартальная справаздача Нацбанка пацвердзіла тэндэнцыю, якая доўжыцца ўжо другі год запар.

Сярод іншага, паводле звестак рэгулятара, за студзень-сакавік аб'ём тэрміновых укладаў у замежнай валюце паменшыўся на 800 млн рублёў у эквіваленце, а сума ашчаджэнняў у беларускіх рублях павялічылася толькі на 190 мільёнаў.

Такім чынам, у першым квартале гэтага года сума дэпазітаў фізічных асобаў знізілася яшчэ на 3,6% і на 1 красавіка склала блізу 8,4 млрд даляраў у валютным эквіваленце.

Статыстыка Нацбанка пацвердзіла прадаўжэнне тэндэнцыі памяншэння валютных укладаў насельніцтва. Ці пагражае гэта стабільнасці банкаўскай сістэмы і беларускай эканоміцы ў цэлым?

Як адзначае ў інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб, агульнае зніжэнне ўкладаў складаецца з дзвюх процілеглых тэндэнцыяў.

– Мы бачым, што ўклады ў нацыянальнай валюце растуць, а ўклады ў замежнай зніжаюцца, – заўважае ён. – І само сабой зніжэнне валютных укладаў – гэта вельмі даўняя і ўстойлівая тэндэнцыя, якая ідзе з восені 2015 года.

На думку фінансавага эксперта, зніжэнне валютных укладаў – адна з мэтаў, якіх і дамагаецца Нацбанк. Рэгулятар матывуе камерцыйныя банкі, каб стаўкі ў дэпазітах у валюце былі менш прывабныя, чым у рублях.

– І гэта ў прынцыпе задавальняе камерцыйныя банкі, бо ў іх ёсць дэфіцыт добрых пазычальнікаў, асабліва ў валюце. Груба кажучы, размяшчаць гэтую валюту няма куды, таму камерцыйныя банкі не моцна зацікаўленыя ў яе прывабліванні, – падкрэслівае Вадзім Іосуб.

Таксама, на думку суразмоўцы, важна звярнуць увагу, што рублёвы эквівалент валютных укладаў у 2017 годзе зніжаецца хутчэй, чым на самай справе гэтыя ўклады падалі ў даляравым эквіваленце. Гэта і выклікала сітуацыю, пра якую сведчыць статыстыка Нацбанка.

Апошнія навіны